БТ адхрысцілася ад вядучай, муж якой пракаціў на капоце абаронцу Курапатаў
Прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі папрасіла Еўрарадыё ўнесці праўкі ў артыкул пра ўчорашні канфлікт каля рэстарана "Поедем поедим", пабудаванага недалёка ад месца сталінскіх расстрэлаў ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам.
Ермакоў і Чыркова пераехалі ў Мінск у канцы 2012 года. Са студзеня 2013 года Стэла (калісьці яе клікалі Алена, але яна змяніла імя) вяла праграму "Дыя@блог пра літаратуру" на канале "Беларусь 3". Апошнія выпускі праграмы, спасылкі на якія Чыркова дае на сваім сайце, датаваныя 2016 годам.
"Стэла Чыркова, названая дзеючай вядучай" Беларусь 3", непрацяглы час была пазаштатнай супрацоўніцай тэлеканала і працавала па дамове, — сказана ў паведамленні, якое Еўрарадыё атрымала ад прэс-службы БТ. — У цяперашні час Стэла Чыркова не з'яўляецца пазаштатным супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі, а праграма "Дыя@блог пра літаратуру" не выходзіць на тэлеканалах медыяхолдынга з сакавіка 2017 года. У праекта было некалькі вядучых, якія вялі праграму на беларускай і рускай мовах".
Еўрарадыё не называла Стэлу Чыркову дзеючай вядучай "Беларусь 3". Тым не менш, мы ўнеслі ў артыкул праўкі, якія ўказваюць на часовы характар супрацоўніцтва Белтэлерадыёкампаніі і Чырковай.