БТ патлумачыла гледачу: топавыя матчы прэм'ер-лігі глядзяць горш за серыялы

БТ патлумачыла гледачу: топавыя матчы прэм'ер-лігі глядзяць горш за серыялы

"Згодна з афіцыйнымі звесткамі, сярэдняя колькасць праглядаў нават самага топавага матча (узроўню "Манчэстар Юнайтэд" — "Ліверпуль") ніяк не вышэй за любы матч з удзелам беларусак Вікторыі Азаранка ці Арыны Сабаленка на самай ранняй стадыі любога турніру"

Так Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія адказала фанату футбольнага клуба "Ліверпуль" Аляксандру Лапко. Хлопец запытаўся, чаму тэлеканал “Беларусь 5”, купіўшы правы на трансляцыю англійскай прэм'ер-лігі (АПЛ), паказвае замест іх тэніс і гімнастыку.

У лісце, які падпісаў старшыня НДТРК Іван Эйсмант, гаворыцца, што правы на паказ матчаў АПЛ каштуюць не вельмі вялікія грошы. Не называючы канкрэтныя лічбы, тэлекампанія паведамляе, што паказ матчаў англійскай прэм'ер-лігі каштуе ў 20 разоў ніжэй, чым паказ 30 матчаў нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі ў кваліфікацыі Еўра-2020 і чэмпіянату свету 2022 года, а таксама ў дзясяткі разоў менш, чым кошт правоў на паказ фубольнай Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы. Турніры з удзелам айчынных спартоўцаў беларускія тэлегледачы глядзяць лепш, чым топавыя замежныя спаборніцтвы.

Таксама кіраўнік тэлекампаніі кажа, што матчы АПЛ маюць не вельмі высокі рэйтынг тэлепраглядаў. Напрыклад, матч "Ліверпуль" — "Арсенал" 24 жніўня глядзелі 2,6% гледачоў. А матч чэмпіянату Еўропы па валейболе Беларусь — Іспанія ў гэты ж час на тэлеканале глядзелі 3,2% гледачоў. 

"Нядаўнія матчы "Манчэстар Юнайтэд" і "Чэлсі" глядзелі 2,0% тэлегледачоў, якія ўключылі тэлевізар, "Тотэнхем" — "Астан Віла" — 0,8%. У гэты ж час на тэлеканале "Беларусь 1" ішоў серыял "Манекеншчыца" з доляй 5,7%, фільм "Злы лёс" на тэлеканале "РТР-Беларусь" сабраў долю 23,2%", — гаворыцца ў лісце. Рэйтынгі гульняў прэм'ер-лігі набіраюць у сярэднім 1,5%. 

БТ патлумачыла гледачу: топавыя матчы прэм'ер-лігі глядзяць горш за серыялы

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі