Будынак ФСБ каштоўны, бо ў ім былі зняволеныя выбітныя дзеячы навукі і культуры
На судзе над мастаком Пятром Паўленскім пракурор патлумачыў каштоўнасць дзвярэй будынка ФСБ, якія падпаліў мастак падчас перформансу "Пагроза".
Па словах пракурора, дзверы ў будынку ФСБ на Лубянцы — аб'ект культурнай спадчыны, бо яны з'яўляюцца часткай ансамбля адміністрацыйных будынкаў АДПУ-НКУС-КДБ. "Тут утрымліваліся ў зняволенні выбітныя дзеячы навукі і культуры", — перадае Бі-Бі-Сі словы пракурора. Ён дадаў, што дзверы пасля падпалу прыйшлі ў непрыдатнасць і іх прыйдзецца замяніць.
У судзе таксама выступіў прадстаўнік вайсковай часці 55002, якая з'яўляецца пацярпелым бокам. Па яго словах, рэстаўрацыя дзвярэй немагчымая, бо "яны страцяіць эстэтычны выгляд".
У сваю чаргу адвакаты настойваюць, што дзверы, падпаленыя мастаком, гэта зусім не тыя самая, што намаляваў на арыгінальным праекце архітэктар Аляксей Шчусеў. Такім чынам, гэтыя дзверы не з'яўляюцца прадметам культурнай спадчыны.
Акцыя Паўленскага, які падпаліў дзверы ФСБ, адбылася ў лістападзе 2015 года. Затрыманага мастака спярша вінавацілі ў вандалізме, а потым перакваліфікавалі абвінавачанне на "знішчэнне культурных каштоўнасцяў". Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Сам Паўленскі патрабуе перакваліфікаваць справу на тэрарызм. Пакуль гэта не будзе зроблена, мастак адмовіўся гаварыць на судзе. Раней ён паведаміў, што акцыю "Пагроза" ўчыніў на знак салідарнасці з украінскім рэжысёрам Алегам Сянцовым, якога расійскі суд прызнаў вінаватым у арганізацыі падпалаў офісаў "Рускай абшчыны Крыму" і "Адзінай Расіі" ў Крыме і прысудзіў да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Дарэчы, у аўторак Паўленскі заявіў, што быў збіты канвоем.