Бяляцкі: За тры гады ў турме я зрабіў больш, чым зраблю за тры гады на волі

Еўрарадыё: Па-ранейшаму шмат хто ўпэўнены ў тым, што за краты вы трапілі справядліва — маўляў, трэба было не парушаць закон і плаціць падаткі. Віну вы не прызналі, але давядзіце сваю невінаватасць гэтым людзям.

Алесь Бяляцкі: Падатковая інспекцыя сапраўды паказала паперы з рахункаў літоўскага і польскага банкаў, сцвярджаючы, што гэтыя грошы мае і што я не плаціў з іх падаткаў. Але яшчэ да пачатку судовага працэсу мы ў пісьмовай форме тлумачылі, што гэтыя грошы не з’яўляюцца маёй уласнасцю. І ў тых банкаўскіх паперах былі ўказаныя мэты, на якія ішлі грошы, — праваабарончая дзейнасць. Нават па беларускіх законах я не быў уласнікам гэтых грошай, я быў перадатчыкам грошай на праваабарончую дзейнасць. Прычым значная частка гэтай дзейнасці ўвогуле адбывалася за межамі Беларусі: правядзенне праваабарончых трэнінгаў і друк некаторых кніг адпаведнай тэматыкі. Але суд не звярнуў увагі на гэтыя аргументы і прыняў рашэнне, што я парушыў заканадаўства аб падатках.

Цікава, што разбіральніцтва з падатковай цягнулася амаль два месяцы. За гэты час я некалькі разоў ездзіў на праваабарончыя семінары ў Вільню, і мяне спакойна выпускалі з краіны. Мне здаецца, што Камітэт дзяржбяспекі, які вёў гэтую справу ад пачатку і да канца, вельмі спадзяваўся, што я, спалохаўшыся судовага пераследу і імавернага зняволення, застануся за мяжой. Але калі б я застаўся за мяжой, то мне цяжэй было б даказваць сваю невінаватасць. Падчас суда я віну не прызнаў, як і падчас зняволення.

Дарэчы, Міжнародная федэрацыя правоў чалавека сабрала дадзеныя па ўсім свеце і выявіла 16 краін, дзе адбываюцца прэсінгі праваабаронцаў на падставе нібыта нявыплаты падаткаў. Таму гэта распаўсюджаная практыка аўтарытарных дзяржаў. І асноўная мэта — кампраметацыя нашай дзейнасці, нас як асобаў. Да гэтага трэба быць маральна і псіхалагічна гатовым.

Еўрарадыё: Калі гэтая практыка такая распаўсюджаная, то чаму праваабаронцы не здолелі знайсці выйсце — так арганізаваць сваю дзейнасць, каб пазбегнуць пасадак па абвінавачванні ў нявыплаце падаткаў?

Алесь Бяляцкі: А чаго нам пазбягаць, калі нам атрыманне фінансавання з разнастайных крыніц (галоўнае, каб яны былі “чыстымі”) дазваляецца міжнароднымі дакументамі і пактамі? Падпісанымі ў тым ліку і Беларуссю. Ёсць канвенцыі, ёсць Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах… ААН, дарэчы, пацвердзіла, што маё зняволенне з’яўляецца грубым парушэннем гэтага Пакта, які дазваляе фінансаванне праваабарончай дзейнасці з розных крыніц. Было б парадаксальна, калі б праваабаронцы фінансаваліся сваімі ўрадамі!

Я б у беларускага ўраду не ўзяў ніводнага рубля, бо тады б мы адназначна знаходзіліся ў псіхалагічнай і эканамічнай залежнасці ад яго і не маглі б гаварыць праўду. А нашае прызначэнне — гаварыць праўду і дабівацца справядлівасці. Таму мы не парушаем міжнародныя нормы і дакументы, падпісаныя ў тым ліку і Беларуссю.

Еўрарадыё: Чаму грошы з беларускага бюджэту будуць перашкаджаць вам казаць праўду? Гэта ж грошы не чыноўнікаў, а падаткаплатнікаў.

Алесь Бяляцкі: Бо мы, на жаль, маем аўтарытарную краіну, дзе ўся ўлада сканцэнтраваная ў руках выканаўчай улады. У еўрапейскіх краінах яна падзеленая паміж заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладамі, і таму там небяспека залежнасці праваабарончых арганізацый і палітычных партый ад дзяржаўнага фінансавання значна меншая, але яна ёсць. І таму нават такая буйная арганізацыя, як Amnesty International, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Англіі, не бярэ ніводнай капейкі ні ад адной дзяржавы — існуе за кошт прыватных унёскаў.

Еўрарадыё: У 2011 годзе вы не засталіся за мяжой, каб у выпадку судовага пераследу мець магчымасць даказаць сваю невінаватасць. Калі паглядзець на вынік суда, ёсць сумневы ў тым, што вы нешта некаму даказалі…

Алесь Бяляцкі: Даказаў! Я вельмі задаволены судовым працэсам, тым, як ён прайшоў. Там выдатна стала зразумела, адкуль растуць ногі: што ўся гэтая аперацыя па пераследзе беларускіх праваабаронцаў задумвалася КДБ, яны далі адпаведныя паперы, здабытыя невядомым чынам, фінансавай паліцыі.

З матэрыялаў, якія зачытваліся падчас суда, стала відавочна, што КДБ вяло і курыравала гэтую справу. Што іх галоўная задача — праз мой пераслед паралізаваць дзейнасць праваабарончага руху і грамадскіх актывістаў Беларусі. Суд выдатна паказаў гэтыя брудныя гульні, якія праводзілі нашыя спецслужбы, і сваю залежнасць ад выканаўчых органаў, улады. Судом я задаволены таму, што задачу, якую ставілі перад сабой улады і спецслужбы, яны з трэскам правалілі, а мы дастаткова годна і трымаліся і выйшлі з гэтай сітуацыі.

Еўрарадыё: Мяркуючы з каментароў, тым, хто чэрпае інфармацыю з дзяржаўных СМІ, вы так нічога і не даказалі — а такіх да 70%...

Алесь Бяляцкі: А калі б я з’ехаў за мяжу, было б 99%! Усё адно усім усяго не дакажаш: ёсць людзі, якім хоць кол на галаве чашы, а ён усё адно будзе казаць, што праваабаронцы — гэта пятая калона, купленыя Захадам людзі і гэтак далей. Шчыра кажучы, нам не трэба зважаць на гэтыя абліванні брудам, а трэба ісці наперад і займацца сваёй дзейнасцю, у гэтым больш плёну. Галоўнае нармальна зрабіць сваю справу, а ацэненая яна будзе ў перспектыве.

Еўрарадыё: У сувязі з вашымі словамі пра “нармальна рабіць сваю справу”: ці здольныя людзі ў нашых умовах нармальна сваю працу рабіць, калі яны нават свайго лідара Бяляцкага абараніць не здолелі?

Алесь Бяляцкі: Так сталася, што ў выніку палітычнага разгрому падчас і пасля выбараў 2010 года, калі амаль усе кандыдаты ў прэзідэнты апынуліся ў турме, а палітычныя партыі былі дэзарыентаваныя масавымі затрыманнямі ў снежні 2010 года, то праваабаронцы і, што самае цікавае, журналісты апынуліся ў першым акопе змагання за дэмакратычныя ідэалы, за праўду і справядлівасць.

Ёсць такія перыяды, калі праваабаронцы ідуць у гэты “першы акоп”, хоць мы не займаемся палітычнай дзейнасцю, у нас няма палітычных мэтаў — мы працуем на паляпшэнне ўсёй структуры грамадства. У выніку за гэты выхад на перадавую я пацярпеў, трапіў у зняволенне, але дзейнасць праваабаронцаў, тым не менш, не спынілася. У тым ліку і маёй арганізацыі – мы працягвалі працаваць. Тое, што ўсе гэтыя гады ўсе грамадскія арганізацыі выступалі за вызваленне ўсіх палітвязняў, не толькі Алеся Бяляцкага, і тое, што мы і цяпер працягваем змагацца за ўсіх, хто яшчэ застаецца ў турме, паказвае, што ў нас больш шырокія погляды — не толькі вузка карпаратыўныя. Нас непакоіць узровень прававой абароненасці ўсяго беларускага народа.

Еўрарадыё: Дапамагаць затрыманым на акцыях актывістам, якія трапілі за сваю дзейнасць у турму, іх сваякам, безумоўна, неабходна. Але склалася такое ўражанне, што за гэтымі надзённымі пытаннямі абароны губляюцца праблемы простых людзей — хто дапаможа бабулі, у якой ветэрынары зарэзалі парсюка з прычыны нібыта эпідэміі?

Алесь Бяляцкі: На самай справе праваабарончых арганізацый у Беларусі не так і мала. І ёсць арганізацыі, якія працуюць у такіх спецыфічных кірунках. Апроч абароны грамадзянскіх і палітычных правоў праваабаронцы займаюцца праблемамі людзей, якія маюць інваліднасць, людзей, якія трапілі за краты не па палітычных матывах, займаюцца экалагічнай абаронай, у тым ліку і парсюкамі!

Як ні дзіўна, нашы арганізацыі, што працуюць у рэгіёнах, займаліся гэтым пытаннем, збіралі подпісы і дамагліся пэўных поспехаў. Мы займаемся ўсімі праблемамі, але ў меры магчымасці. Бо вельмі часта нам даводзіцца працаваць як незарэгістраваная арганізацыя ці ініцыятыва. У нас, на жаль, няма добрага кантакту з уладамі, нягледзячы на тое, што мы да гэтага заўжды імкнуліся, імкнуліся да празрыстасці і легалізацыі сваёй дзейнасці.

Вось я толькі выйшаў з турмы, але маё меркаванне не змянілася: такія кантакты з уладамі патрэбныя. Ад гэтага выйгралі б і людзі, і мы. Але з боку дзяржавы мы маем непрыняцце, варожасць да дзейнасці праваабарончых арганізацый. Гэта абмяжоўвае нашую дзейнасць.

Еўрарадыё: Вы сказалі, што “за свае перакананні можна і пасядзець” — няўжо падчас суда не было страху перад зонай?

Алесь Бяляцкі: Не, не было ні страху, ні адчування, што мяне там чакаюць страчаныя гады. Я ставіўся да гэтага як да чарговага выпрабавання і ў сваёй дзейнасці, і ў сваім асабістым жыцці. Я трапіў у сітуацыю, калі фармальна я тры гады нібыта нічога не рабіў, але мне падаецца, што за гэты перыяд я зрабіў больш, чым за будучыя ці папярэднія тры гады. Калі ў нашай грамадскасці існуе вялікі ўзровень запалоханасці і страху, то прымаць і вытрымліваць такія ўдары лёсу — добры прыклад для таго, каб людзі менш баяліся.

Еўрарадыё: Даводзілася чуць пра пагрозы гвалту на зоне. Гэтых страхаў не было?

Алесь Бяляцкі: З тым, на што вы намякаеце, мне не давялося сутыкацца, але пэўны ціск рабіўся — такія выпадкі былі. Але ў вельмі прадуманых дозах. Пасля я гэта аналізаваў і зразумеў: нічога там выпадкова не здаралася — усё было адрэжысавана і прадумана, і толькі пасля запускаліся гэтыя напрацоўкі супраць мяне. Яны не новыя. Такія ж напрацоўкі актыўна выкарыстоўваюцца адміністрацыямі калоній супраць звычайных, не палітычных зняволеных, упартых і не залежных ад адміністрацыі. Як там “абломваюць” людзей — асобная тэма. І ўсё гэта выкарыстоўвалася супраць мяне. Грубых правакацый, зусім грубых, не было. Але ў кожным выпадку, ты заўжды маеш выбар, што зрабіць. Няма такіх сітуацый у жыцці, калі ты зусім не маеш выбару.

Еўрарадыё: А прыклад парушэнняў, за якія на вас накладалі спагнанне?

Алесь Бяляцкі: Правілы ўнутранага распарадку могуць трактавацца вельмі шырока, і хопіць пяці хвілінаў, каб знайсці тое, за што зняволенага могуць пакараць. А адміністрацыя гэтыя “размытыя” нормы актыўна выкарыстоўвае для пакарання. Альбо за сапраўдныя парушэнні, альбо для таго, каб пакараць нязручнага для адміністрацыі зняволенага.

Але я ўпэўнены, што ўсе праступкі палітычных — смешныя. Да прыкладу, нельга выносіць хлеб са сталоўкі. Але есці той хлеб з кашай ты не хочаш, а “дома” ў цябе ляжыць кетчуп, цыбуля і кавалачак сала маленькі. Ты гэты хлеб можаш з’есці з нечым лепшым, чым каша ў сталоўцы. І вось ты ідзеш у атрадзе, дзе 30 чалавек, са сталоўкі, і кожны нясе сваю лустачку хлеба, але рэжымны афіцэр выклікае толькі цябе і кажа, што на цябе будзе складзены акт аб парушэнні ўнутранага распарадку за вынас ежы. А ўсе астатнія спакойна з хлебам праходзяць. Ну і што мне трэба было рабіць у такой сітуацыі? Сказаць: “А як жа іншыя?” Ён можа і іншых пакараць, але як потым будуць ставіцца іншыя да цябе? І ты прымаеш усё так, як ёсць. Усе зняволеныя бачаць, што цябе выбралі як “ахвярную авечку”, што цябе караюць спецыяльна.

Самае цікавае, што ўжо заўтра ты можаш ісці спакойна, бо калі яны план па тваіх актах выканалі, то наступны раз ты ім нецікавы з тым хлебам. Ці сон на сваім месцы: ты мусіш спаць толькі з 22 да 6 і не дай Бог на 5-10 хвілін прыляжаш днём. Гэта кантралюецца “шасцёркамі”, і як толькі ты прылёг, адразу бяжыць афіцэр з крыкам: “Акт — ты парушыў!” Ты можаш кантраляваць сябе тыдзень-два, але праз месяц усё адно прыйдзе момант, калі гэты сон цябе саб’е з ног. І зноў жа: увесь атрад недзе неяк удзень засынае, а ты не можаш, бо ты ўвесь час пад кантролем.

Еўрарадыё: Ці выпала вам сустрэцца з нейкім заўважным “сядзельцам” — якім чыноўнікам ці крымінальнікам “у законе”?

Алесь Бяляцкі: Гэта пытанне чалавека, які не быў у беларускай турме! Калі я назаву прозвішча любога чалавека, з якім кантактаваў, то вельмі верагодна, што гэтаму чалавеку будзе пагана ў найбліжэйшыя месяц-два-тры.

Еўрарадыё: Не кантактаваў — бачылі?

Алесь Бяляцкі: І бачыў — без розніцы! Вось у чым справа — без розніцы. Я не маю права называць нейкага чалавека, каб у яго не ўзнікла праблем.

Еўрарадыё: Большасць вязняў, палітычных у прыватнасці, падчас зняволення пачалі пісаць ці то вершы, ці то прозу. Гэта там атмасфера такая, што спрыяе развіццю літаратурнага таленту?

Алесь Бяляцкі: Гэта вынік ізаляцыі. Што да мяне, то я ж па прафесіі даследчык беларускай літаратуры. Для мяне літаратуразнаўства — першая прафесія, якой я аддаў багата часу. А калі ты трапляеш у ізаляцыю, страчваеш кантакты з людзьмі, з сям’ёй, і твая ўнутраная энергія сублімуецца ў пісанне. Я пісаў багата лістоў, паштовак, літаратуразнаўчых і крытычных нататак, некалькі эсэ напісаў. Гэта была магчымасць для ўнутранай самарэалізацыі. Не маючы магчымасці размаўляць са зняволенымі і людзьмі на волі, я рабіў гэта ў такой пісьмовай форме. Я вельмі ўдзячны за падтрымку “ліставую” — за тры гады я атрымаў некалькі дзясяткаў тысяч лістоў. Былі дні, калі мне прыносілі па 500-600 лістоў і паштовак адначасова. Было адчуванне: трэба зараз адпісацца, бо калі выйду на волю, магчымасцяў для пісання будзе менш.

Еўрарадыё: Былыя вязні скардзяцца на здабытыя падчас зняволення хваробы…

Алесь Бяляцкі: Пакуль не ведаю. Я яшчэ не праходзіў абследаванне. Планую найбліжэйшым часам прайсці самае агульнае: паздаваць аналізы і паглядзець, як і што. Але збольшага я адчуваю сябе нармальна, бадзёра. Ёсць толькі алергія, якую я зарабіў у швейным цэху ад пылу. Спадзяюся, што за некалькі месяцаў яна пройдзе.

Але самае галоўнае — гэта псіхалагічнае напружанне, якое не адпускала мяне там усе гады, і як гэта адаб’ецца, ніхто не можа ведаць. Пастаянна жыць у чаканні, што можаш атрымаць непрыемны сюрпрыз як ад адміністрацыі, так і ад “шасцёрак” — гэта не найлепшае, што ёсць у жыцці чалавека.

Еўрарадыё: Адчуваеце, што ў вас нейкія змены адбыліся, што вы па-іншаму пачалі на нейкія рэчы глядзець?

Алесь Бяляцкі: Я пастаянна праводзіў такія ўнутраныя трэнінгі з мэтай не змяніцца ў тых умовах. Я стараўся максімальна заставацца такім, якім быў. А наколькі мне гэта ўдалося, пра гэта трэба запытацца праз месяц-два ў людзей, з якімі я кантактую, — мне цяжка ацэньваць самога сябе.

Еўрарадыё: Якія змены адбыліся без вас у сям’і і ў “Вясне” — можа, без вас усё не ў лепшы бок змянілася?

Алесь Бяляцкі: Тры гады — гэта не тры дні. І мне самому трэба час на тое, каб адаптавацца да тых рэаліяў жыцця, якія сёння ёсць і ў сям’і, і на працы.

Ну, вось такі смешны, але рэальны выпадак, калі мы дома хвілін 10 шукалі мае шкарпэткі па ўсіх шуфлядах, бо ўсё было пахавана. Мяне доўга не было, і натуральна, што жонка ўсе мае рэчы запіхала ў самыя дальнія куткі.

Вяртанне да цывільнага жыцця зойме пэўны час. Тое самае і з працай. Я вельмі задаволены, што “Вясна” засталася, і што мае калегі вельмі актыўна працавалі. У той жа час мне трэба асэнсаваць, чым я канкрэтна буду займацца ў праваабарончым рэчышчы. Новы досвед, які я займеў, безумоўна, будзе ўплываць на карэктаванне маёй далейшай працы. Паступова ўсе гэтыя дробныя праблемкі вырашацца.

Еўрарадыё: Якія падзеі, якія пагрозы могуць прымусіць вас узяць у рукі зброю? Да прыкладу, калі ў нас будзе сітуацыя аналагічная ўкраінскай?

Алесь Бяляцкі: Як праваабаронца я супраць любога гвалтоўнага змагання. Што да сітуацыі, пра якую вы кажаце, то я яе не бачу ў найбліжэйшы час і пакуль не думаю наконт яе.

Еўрарадыё: Гэта азначае, што вы не верыце ў беларускі варыянт украінскай сітуацыі?

Алесь Бяляцкі: Усё можа быць, але вельмі хочацца, каб мы абышліся без гэтага.

Еўрарадыё: Ці ёсць тыя, каму вы б сёння не падалі рукі?

Алесь Бяляцкі: Ёсць. Імёнаў называць не будзем. На жаль, багата такіх людзей.

Еўрарадыё: Нехта ёсць сярод такіх з вашага асяродку ці выключна людзі з улады?

Алесь Бяляцкі: З майго асяродку такіх не можа быць. Што мне запомнілася з гэтай маёй адседкі: ні адзін чалавек з маіх найбліжэйшых знаёмых не пабаяўся мець са мной кантакты, пісаць мне. Пісалі тыя, з якімі я не меў кантактаў па 20-30 гадоў, мае аднакласнікі і аднакурснікі. Таму са свайго асяродку — не, але ў нас багата іншых асяродкаў у краіне.

Фота Змітра Лукашука, відэа Віталя Ругайна

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі