“"Бязвіз" увялі дэкрэтам, і няма гарантыі, што заўтра дэкрэтам яго не адменяць"
Роўна 11 месяцаў таму Беларусь увяла 5-дзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін свету, і спыняцца на дасягнутым Мінск не збіраецца. Кіраўнік краіны нават адмысловую нараду, прысвечаную лібералізацыі візавага рэжыму, праводзіць 11 студзеня. Ужо вядома, што ўрад падрыхтаваў адпаведныя прапановы.
Да прыкладу, прапануецца павялічыць да 10 дзён тэрмін знаходжання ў Беларусі замежнікаў пры бязвізавым ўездзе праз Нацыянальны аэрапорт Мінск і тэрмін іх знаходжання ў краіне без рэгістрацыі. У перспектыве разглядаецца магчымасць увядзення бязвізавага рэжыму ўезду ў Беларусь з неіміграцыйнымі мэтамі на пэўны тэрмін праз любыя міжнародныя пункты пропуску для грамадзян шэрагу дзяржаў.
А што нашай краіне за амаль год дзеяння даў 5-дзённы бязвізавы рэжым, колькі замежнікаў скарысталіся шчаслівай магчымасць наведаць Беларусь?
“У перыяд з 12 лютага па 31 снежня 2017 года было прапушчана на ўезд у Рэспубліку Беларусь 79248 замежных грамадзян з 68 дзяржаў. Лідарамі сярод замежнікаў з’яўляюцца грамадзяне Германіі ― іх да нас прыбыло 12723 чалавекі цягам 2017 года. На другім месцы Польшча ― грамадзян гэтай краіны да нас праз аэрапорт “Мінск-2” прыехала 7585 чалавек. Ну, і на трэцім месцы грамадзяне Італіі ― іх 6765 чалавек”, ― кажа Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Антон Бычкоўскі.
Колькі з гэтых амаль 80 тысяч бязвізавых гасцей прыехала да нас па бізнес-справах, а колькі ― выключна з турыстычнымі мэтамі, памежнікі чамусьці не вызначалі. Што да самога бязвізавага рэжыму, то, па словах Антона Бычкоўскага, памежнікі не бачаць у ім пагрозы для памежнай бяспекі краіны ― на 5 дзён той рэжым, ці на 10.
Але на колькі б дзён ён не быў, парушаць яго нельга. Не так падлічыў дні ці загуляў, і атрымаў штраф альбо дэпартацыю, кажа начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.
Бягун: “Рэжым знаходжання парушылі 284 замежныя турысты. Некаму з іх штраф далі, некага ― дэпартавалі”.
Якія наступствы мела ўвядзенне 5-дзённага бязвізавага рэжыму? Першым адрэагаваў наш “самы блізкі партнёр” ― Расія. У адказ на беларускую візавую лібералізацыю наш саюзнік па шматлікіх інтэграцыйных праектах уводзіць… пашпартны кантроль на беларуска-расійскай мяжы. І пераводзіць пасажыраў “беларускіх” авіярэйсаў у міжнародныя тэрміналы расійскіх аэрапортаў.
Кіраўнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі на гэты конт выказваецца коратка.
Бягун: “Гэта прадмет для перамоў ― будзем перагаворвацца з расійскім бокам далей, выпрацоўваць агульныя канцэпцыі”.
На нарадзе 11 студзеня Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў “цягам 2018 года ўрэгуляваць непаразуменні з расійскім бокам у памежнай сферы”. Паглядзім…
Насуперак “візавым цёркам” з усходнім суседам, для бізнесу нават 5-дзённы бязвізавы рэжым быў карысны, кажа старшыня прэзідыуму Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Беларусі Уладзімір Карагін:
“Больш дзелавых людзей стала прыязджаць. Да мяне рэгулярна сталі прыязджаць з Фінляндыі, Германіі. Нават партнёр з Саудаўскай Аравіі прыехаў, скарыстаўшыся гэтай справай. Карацей, зняты адзін з бар’ераў на шляху камунікацыі дзелавых людзей”.
Для пашырэння гэтай камунікацыі і для развіцця таго ж “медыцынскага турызму” бязвізавы рэжым трэба павялічваць да 10, 14 дзён, а лепш да месяца, упэўнены Уладзімір Карагін. Ён нават падлічыў, якія выгады ад гэтага можа мець краіна.
Уладзімір Карагін: “У Грузіі летась было 8 мільёнаў турыстаў. Калі і ў нас будзе так, то Беларусь атрымае дадаткова 5 мільярдаў долараў прыбытку ў эканоміку краіны. Толькі ад развіцця ўязнога турызму”.
Рашэнне наконт 5-дзённага бязвізавага рэжыму станоўча адбілася на іміджы Беларусі, кажа рэдактар газеты “Туризм и отдых” Лілія Кобзік. А што ж тыя, хто займаецца ўязным турызмам ― яны адчулі змены да лепшага?
Лілія Кобзік: “Тыя ж турфірмы кажуць, што павінны быць дакладныя правілы гульні. Яны павінны быць упэўненыя, што гэты бязвізавы рэжым ― назаўсёды. Што яны могуць дамаўляцца з партнёрамі на 2-3 гады наперад пра тое, што змогуць прыехаць менавіта па такіх правілах. А цяпер такой упэўненасці няма. Бязвізавы рэжым уведзены дэкрэтам, а на колькі ён прыняты, той дэкрэт, невядома. Цяпер уведзены 10-дзённы бязвізавы рэжым дэкрэтам. Можа, будзе на 30 дзён, і гэта добра. Але, можа, будзе прыняты дэкрэт, які скасуе ўсе гэтыя крокі ― не ведаюць. Гэта няўпэўненасць, нявызначанасць правілаў гульні, яна троху адмоўна ўплывае”.
Затое, кажа Лілія Кобзік, гатэльны бізнес ажывіўся, атрымаўшы дадатковых кліентаў, і пачаў стварацца “клас” незалежных гідаў. А ўсе разам прадстаўнікі ўнутранага турызму чакаюць пашырэння візавай лібералізацыі з боку беларускіх уладаў.