Былому і цяперашняму дырэктарам БелаПАН выставілі абвінавачванні
Следчыя выставілі абвінавачанні дырэктару і галоўнай рэдактарцы інфармагенцтва БелаПАН Ірыне Леўшынай, а таксама экс-дырэктару кампаніі Дзмітрыю Наважылаву, піша ТГ-канал Naviny.by.
Іх вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса). Такім памерам лічыцца сума больш за 100 тысяч рублёў.
Паведамляецца, што абвінавачванне абаім было выстаўленае яшчэ на мінулым тыдні. Абое ўзятыя пад варту на два месяцы з моманту затрымання.
Леўшыну і Наважылава затрымалі 18 жніўня. Тады іх падазравалі паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). У той жа дзень офіс БелаПАН быў апячатаны, а рэдакцыйны сервер канфіскаваны з "Белтэлекама".
Таксама была затрыманая бухгалтарка БелаПАН Кацярына Боева. Яе адпусцілі 28 жніўня пад абавязальніцтва аб яўцы, яна застаецца падазраванай.
27 жніўня следчыя заявілі, што затрыманых белапанаўцаў падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Урэшце ў абвінавачанні застаўся толькі гэты артыкул.
Праваабаронцы прызналі ўсіх траіх палітвязнямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.