Самае складанае быць адарванай ад Мінска — галоўрэд "БелаПАН" пра СІЗА Гомеля

Ірына Леўшына / БЕЛТА
Ірына Леўшына / БЕЛТА

Свой чарговы дзень нараджэння галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына сустракае ў Гомельскім СІЗА. Яна прызналася калегам, што адарванасць ад Мінска даецца ёй няпроста. Гэта аказалася самым складаным. Высветлілася, што "геаграфія мае значэнне, нават калі знаходзішся ў ізаляцыі", расказвае рэсурс "Позірк".

"Вельмі не хапае рову чаек. У Мінску яны даляталі да СІЗА з боку Свіслачы, якая таксама была побач. Тут — цішыня, толькі часам чутны брэх сабак", —кажа кіраўнік інфармагенцтва. Але ў Гомелі ёсць і плюсы: тут відавочна цяплей, і ў мясцовым СІЗА вялікія дворыкі для прагулак.

“З валадаркаўскімі не параўнаць. Тут можна рэальна пабегаць па перыметры, чым я і займаюся. Фізічна адчуваю сябе добра — нічога нідзе не баліць", — расказала Ірына.

Леўшыну затрымалі ў жніўні мінулага года. У кастрычніку гэтага года Мінскі абласны суд абвясціў прысуды па "справе БелаПАН". Леўшыну асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі. Былога дырэктара агенцтва Дзмітрыя Наважылава — на 6 гадоў, медыяменеджара Андрэя Аляксандрава — на 14 гадоў зняволення, яго жонку Ірыну Злобіну — на 9 гадоў. Іх абвінавачвалі ў стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем (такім фармаваннем улады прызналі інфармагенцтва БелаПАН), дзяржаўнай здрадзе і падатковых злачынствах.

Ірына Леўшына не прызнала сваёй віны. У апошнім слове перад судом яна казала, што лічыць сябе невінаватай і ганарыцца тым, "што столькі гадоў працавала ў крутой камандзе журналістаў і была іх галоўным рэдактарам". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі