Бюджэт-2014: больш грошай на міліцыю і КДБ, менш — на адукацыю і культуру
Выдаткі на “Дажынкі” ўзраслі на 46%. Антарктычная праграма “пацяжэла” амаль на 2 мільярды, а “Замкам Беларусі” давядзецца зацягнуць “слуцкія паясы”.
12 снежня Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла бюджэт на 2014 год. Абмеркаванне дакумента ў 700 старонак заняло менш за 2 гадзіны. А за некалькі гадзінаў да гэтага праект дакумента атрымала Еўрарадыё.
Бюджэт на 2014 год плануецца бездэфіцытным. Выдаткі супадаюць з прыбыткамі і складаюць 128,5 трыльёна — гэта на 7,2 трыльёна больш, чым было запланавана летась. Параўнаем выдаткі на найбольш цікавыя артыкулы бюджэта-2014 з мінулымі бюджэтамі.
Усе лічбы — у тысячах рублёў.
Куды вылучаюцца грошы? |
2012 |
2013 |
2014 |
Камітэт дзяржаўнай бяспекі |
509 686 982,0 |
753 118 683,8 |
928 706 224,0 |
Міністэрства ўнутраных спраў |
2 741 509 602,6 |
3 931 625 733,7 |
4 780 888 629,0 |
Ахова здароўя |
3 791 184 816,0 |
5 348 468 453,7 |
5 745 927 041,0 |
Адукацыя |
4 617 382 766,0 |
6 636 608 445,8 |
6 599 295 176,0 |
Культура |
648 788 329,0 |
872 129 204,6 |
718 944 970,0 |
СМІ |
491 678 422,0 |
669 206 189,2 |
676 113 933,0 |
— з іх тэлебачанне і радыёвяшчанне |
366 270 390,0 |
514 674 681,3 |
548 294 714,0 |
Антарктычная праграма |
2 718 321,0 |
4 729 408,0 |
6 525 676,0 |
Дзяржпраграма “Замкі Беларусі” |
— |
2 500 000,0 |
1 424 500,0 |
Фундаментальныя навуковыя даследаванні |
470 560 000,0 |
760 663 000,0 |
784 931 123,0 |
Абслугоўванне знешняй дзяржпазыкі |
5 937 420 000,0 |
7 039 810 450, |
7 695 675 400,0 |
“Дажынкі” |
81 200 000 |
169 680 000 |
248 500 000 |
Фінансаванне КДБ і МУС павялічваецца на 23% і на 21% адпаведна. Прычым КДБ за два гады “падаражэў” беларусам амаль удвая! Цікава, чаму: ніякіх дэвальвацый ні ў 2012, ні ў 2013 годзе не было…
Пашанцавала і дзяржаўным журналістам. Выдаткі на аплату іх працы не скараціліся, а нават крыху ўзраслі. Што праўда, ільвіную долю ад 676 млрд забіраюць тэлевізійшчыкі.
Амаль на два мільярды больш, чым летась, Беларусь укладзе ў пакарэнне Антарктыды. Было 4,72 млрд, стала 6,52! А вось іншай дзяржпраграме — “Замкі Беларусі” — не пашанцавала: у 2014 годзе яна будзе скарочаная на 1 мільярд рублёў: было 2,5 млрд, стала 1,42 мільярда. Затое амаль 2 мільярда на "Слуцкія паясы". Выдаткі на культуру ў бюджэце-2014 скарачаюцца аж на 150 млрд!
Скарачэнне, хаця і нязначнае, закранула адукацыю. На яе ў бюджэце на наступны год прадугледжваецца 6,599 млрд замест 6,636 млрд летась.
Перад другім чытаннем (якое пройдзе ці ў наступны панядзелак, ці 20 снежня, падчас заключнага пасяджэння трэцяй сесіі) Палата прадстаўнікоў можа прапанаваць Мінфіну “падправіць” бюджэт. Напрыклад, адзін з дэпутатаў прапанаваў усё ж не ўводзіць “аўтамабільны” збор, а сродкі на рамонт дарог атрымаць ад больш імклівага падвышэння коштаў на паліва. Маўляў, хто ездзіць больш — той няхай і плаціць больш.
Гэтыя і іншыя папраўкі могуць паўплываць як на прыбыткі бюджэта-2014 увогуле, так і на асобныя артыкулы. Верагодна, сёлетні бюджэт будзе падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у апошнія дні года, як і бюджэт-2012 — наступны пасля цяжкага, “дэвальвацыйнага” 2011 года.
Фото: dengi.onliner.by.