Целаахоўнікаў Абамы адправілі дадому з-за п'янства
Трох агентаў Сакрэтнай службы ЗША, якія забяспечваюць ахову Барака Абамы, адправілі з Нідэрландаў у ЗША за парушэнне дысцыпліны.
Як паведамляе ВВС, адзін з агентаў быў настолькі п'яным, што страціў прытомнасць у адным з гатэляў Амстэрдама. Двух іншых агентаў адправілі ў адміністрацыйны адпачынак да высвятлення абставінаў, бо яны не перашкодзілі парушэнню дысцыпліны.
Абама прыляцеў у Амстэрдам у панядзелак для ўдзелу ў саміце па ядзернай бяспецы і сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў "Вялікай сямёркі".
Гэта не першы скандал з сакрэтнай службай ЗША за апошнія гады. Так, у 2012 годзе паліцыя Маямі затрымала агента Сакрэтнай службы. Яго знайшлі п'яным, калі ён ляжаў на адной з вуліц горада ў непрытомным стане.
У красавіку таго ж года выбухнуў скандал, калі стала вядома, што агенты Сакрэтнай службы падчас замежнай камандзіроўкі карысталіся паслугамі прастытутак.
Фота — Reuters