Незалежны аналітык Сяргей Чалы сумняваецца, што Беларусь зможа наладзіць выгадныя пастаўкі нафты з ЗША. Прычына ў лагістычнай складанасці падобнага праекта.
Аналітык успамінае, што дзесяць гадоў таму, калі Беларусь пачынала пастаўкі нафты з Венесуэлы, быў рэалізаваны варыянт з "замяшчэннем". Венесуэльская нафта пастаўлялася ў ЗША, а наўзамен Беларусь атрымлівала той жа аб'ём азербайджанскай нафты — праз порт Паўднёвы пад Адэсай.
"Тады мы так і не здолелі прагарантаваць патрэбныя аб'ёмы. У выніку Украіна адмовілася ад гэтага праекта", — дадае Чалы. У выпадку калі кантракт з ЗША будзе дастаткова буйны, гэты варыянт можа быць рэалізаваны.
"Паўночны" шлях таксама мае абмежаванні — у першую чаргу па памерах танкераў, якія могуць уваходзіць у Балтыйскае мора.
"Там вузкія і глыбакаводныя пралівы Даніі. Праходзяць такія, як мы купілі ў Нарвегіі. 80 з капейкамі тысяч [тон]. І ўсё, — каментуе Еўрарадыё Чалы. — І плюс, зноў жа, пастаўка працуе толькі чыгуначным транспартам, таму што труба [на поўначы Беларусі] цяпер нефункцыянальная, там нават тэхнічнай нафты цяпер няма".
Падчас візіту ў Мінск дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа заявіў, што амерыканскія вытворцы гатовыя забяспечыць Беларусь нафтай на 100 працэнтаў па канкурэнтных цэнах.
"Вам трэба толькі звярнуцца да нас", — сказаў ён.
Скептыкі адразу ж успомнілі, што ЗША самі імпартуюць нафту. Аднак, па словах Чалага, Злучаныя Штаты таксама з'яўляюцца і экспарцёрам, і маюць патрэбныя аб'ёмы нафты. Для поўнай загрузкі абодвух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў трэба 24 млн тон нафты ў год.