Чаму алімпійскія чэмпіёны прадаюць медалі: 10 гісторый вялікіх спартсменаў
Completeset.com
Нядаўна беларускі фрыстайліст Аляксей Грышын прадаў свае алімпійскія медалі. Крок сур'ёзны і адказны. Грошы яму спатрэбіліся на аперацыю для сябра. Паводле яго слоў, "жыццё чалавека важнейшае за медалі, медаль — гэта ўсяго толькі метал".
Зараз на eBay можна купіць медалі з самых розных Алімпіяд. Самы дарагі лот — сярэбраны медаль афінскай Алімпіяды 1906 года, за якую хочуць 12 тысяч долараў.
Медалі Алімпіяды — гэта адно з самых вышэйшых дасягненняў у прафесійным спорце. Алімпійскае золата — мара і мэта. Падобна да "Нобеля" ў навуцы і літаратуры ці "Оскара" ў кінематографе. Чаму ж алімпійскія чэмпіёны прадаюць свае ўзнагароды і колькі грошай ім удаецца за іх атрымаць? Еўрарадыё сабрала гісторыі 10 вялікіх спартсменаў, якія прадалі свае медалі.
Вольга Корбут, гімнастка
У 2017 годзе чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка родам з Гродна Вольга Корбут выставіла на аўкцыён медалі, заваяваныя ёю на Алімпійскіх гульнях 1972 і 1976 гадоў. Усяго за чатыры залатыя і два сярэбраныя медалі яна выручыла 180 тысяч долараў. Сама Корбут растлумачыла, што продаж узнагарод — не адчайны крок і не дзеля грошай. Асноўнай прычынай яна назвала імкненне стаць бліжэй да прыхільнікаў, дазволіўшы ім стаць часткай гісторыі: "Гэта — алімпійская гісторыя, і я хачу падзяліцца ёю з усім светам", — запэўніла Корбут.
Атылія Янджэйчак, плыўчыха
Яшчэ да таго, як яна прайшла адбор на Алімпійскія гульні ў Афінах у 2004 годзе, Янджэйчак заявіла, што любыя заваяваныя ёю залатыя медалі будуць ахвяраваныя на дабрачыннасць. Неўзабаве пасля гэтага яна заваявала золата на 200 метрах батэрфляем. Медаль быў прададзены за 80 тысяч долараў. Грошы спартсменка ахвяравала польскай дабрачыннай арганізацыі, якая дапамагае дзецям з лейкеміяй. "Мне не патрэбныя медалі, каб памятаць. Я ведаю, што я алімпійскі чэмпіён. Гэта ў маім сэрцы", — расказвала Атылія.
Аляксей Грышын, фрыстайліст
У сярэдзіне ліпеня 2019 года алімпійскі чэмпіён Аляксей Грышын абвясціў, што вырашыў прадаць свае ўзнагароды. У гісторыі беларускага спорту — ён першы чэмпіён зімовых Алімпійскіх гульняў, першы залаты медаліст.
Залаты і бронзавы медалі прадалі на аўкцыёне за 97 тысяч долараў. Золата з Алімпіяды-2010 пайшло за 68 750 долараў, бронзу Гульняў 2002 года купілі за 28 410 долараў.
Спартсмен паведаміў, што прычына — хвароба сябра:
"Аднаму майму блізкаму чалавеку трэба будзе сур'ёзная аперацыя і патрэбныя вельмі вялікія грошы. Іншай магчымасці дапамагчы яму, акрамя як прадаць медалі, у мяне, на жаль, цяпер няма. Усе выручаныя грошы пойдуць на лячэнне".
Уладзімір Клічко, баксёр
У першай для Украіны самастойнай Алімпіядзе, дзе спартсмены выступалі ад незалежнай краіны, Уладзімір Клічко заваяваў залаты медаль. У 2012 годзе ён прадаў з аўкцыёну свой прыз, зарабіўшы 1 мільён долараў для Фонду братоў Клічко, які дапамагае фінансаваць дзіцячыя спартыўныя лагеры і збудаванні. Аднак продаж скончыўся вяртаннем. Таямнічы дабрачынец неадкладна вярнуў медаль баксёру — з павагі да яго і яго перамог.
Марк Уэлс, хакей
Форвард знакамітай амерыканскай зборнай па хакеі, якая здзейсніла "цуд на лёдзе" — разгром алімпійскай зборнай СССР па хакеі падчас зімовых Алімпійскіх гульняў у 1980 годзе. Пра гэта потым знялі фільм "Цуд" з Куртам Расэлам.
Уэлс не расстаўся са сваёй узнагародай легкадумна: ён прадаў медаль, каб аплаціць лячэнне, звязанае з рэдкім генетычным захворваннем, якое пашкодзіла яго спінны мозг. Медаль дастаўся прыватнаму калекцыянеру, той, у сваю чаргу, прадаў яго праз аўкцыённы дом за 310 700 долараў у 2010 годзе. Медаль суправаджае запіска ад Уэлса з надзвычай кранальным тэкстам:
"Гэты залаты медаль сімвалізуе мае асабістыя дасягненні і дасягненні нашай каманды. Я быў адным з 20 гульцоў, якія атрымалі гэты залаты медаль, ён займаў асаблівае месца ў маім сэрцы з лютага 1980 года. Нядаўна я вырашыў прадаць яго. Я вырашыў, што да таго дня, калі я прадам яго, я буду ўвесь час насіць яго. Таму я нават спаў з гэтым медалём два тыдні. Я спадзяюся, што вы будзеце даражыць гэтым медалём, як і я".
Энтані Эрвін, плывец
Энтані Эрвін выйграў золата на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем на Гульнях у Сіднеі ў 2000 годзе. Нягледзячы на гэты поспех, ён пакінуў спорт у 2003 годзе ва ўзросце 22 гадоў, заявіўшы, што яму "трэба разабрацца з уласным жыццём". Ён выклаў свой залаты медаль на eBay у 2004 годзе за $17 101. Атрыманыя грошы ён аддаў на дабрачыннасць — ахвярам цунамі ў Індыйскім акіяне. На Алімпіяду Эрвін вярнуўся ў 2012 годзе — зноў на дыстанцыю 50 метраў, але не змог заваяваць медаль.
Мікалай Круглоў, біятланіст
На зімовых Алімпійскіх гульнях у 1976 годзе ў Інсбруку расійскі біятланіст Мікалай Круглоў выйграў два залатыя медалі. Першы — у індывідуальнай гонцы на 20 кіламетраў, а другі — у мужчынскай эстафеце.
Пайшоўшы на пенсію, Круглоў заняўся трэніроўкамі сына Мікалая-малодшага. Але ў сям'і не хапала грошай на навучанне і рыштунак. Каб сын Мікалай працягнуў сваю прафесійную спартыўную кар'еру, яго бацька прадаў свае алімпійскія медалі за 5000 долараў. Хоць цана на алімпійскія медалі звычайна нашмат вышэйшая.
Віктар Шувалаў, хакеіст
Віктар Шувалаў — першы савецкі хакеіст, які стаў чэмпіёнам свету і Алімпійскіх гульняў у адзін год. Ён адзіны жывы член легендарнай савецкай хакейнай каманды 1954 года, калі СССР упершыню ўдзельнічаў у чэмпіянаце свету і выйграў. У 1990-я гады, выжываючы на бедную пенсію і сутыкнуўшыся з фінансавымі праблемамі, ён вырашае прадаць медалі, каб выжыць.
Медаль быў прададзены за вельмі маленькую суму — усяго 600 долараў. У 2014 годзе прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін вярнуў медаль Шувалаву.
Яўген Грышын, канькабежац
Яўген Грышын быў савецкім канькабежцам і чатырохразовым алімпійскім чэмпіёнам, устанавіў 7 сусветных рэкордаў. Пасля сыходу з прафесійнага спорту ў Грышына пачаліся праблемы з алкаголем. І праз гэта Грышын прадаў свае алімпійскія медалі. Колькі ён атрымаў за чатыры залатыя медалі, невядома. Пазней ён з сорамам прызнаваўся: "Я прадаў свае алімпійскія медалі, каб выжыць, і мне было сорамна да канца жыцця". Яўген Грышын памёр 9 ліпеня 2005 года з-за тромба.
Эрыкі Салумяэ, велагоншчыца
Эрыкі Салумяэ — двухразовая алімпійская чэмпіёнка па веласпорце, пабіла 16 сусветных рэкордаў. Яна заваявала свае залатыя медалі на Алімпіядах 1988 і 1992 гадоў. Аднак у 2013 годзе з-за праблем са здароўем і недахопу грошай на лячэнне ёй прыйшлося абвясціць аб продажы ўзнагарод.
Абодва залатыя алімпійскія медалі сышлі па аднолькавай цане ў 25 тысяч фунтаў стэрлінгаў за кожны. Узнагароду Алімпійскіх гульняў 1988 года ў Сеуле выкупіў на аўкцыёне прэзідэнт Эстонскага алімпійскага камітэта Нейнар Селі. Другі, з Алімпіяды ў Барселоне ў 1992 годзе, выкупіў ананім праз анлайн-аўкцыён.