Чаму дырэктары школ у верасні ідуць у дэпутаты?
Сярод тых, хто вырашыў стаць дэпутатамі Палаты Прадстаўнікоў — 9 (!) дырэктараў школ і гімназій, адзін настаўнік замежнай мовы і адзін намеснік дырэктара сярэдняй навучальнай установы. А выбарчая кампанія акурат супадае з падрыхтоўкай да новага навучальнага года. Атрымліваецца, у верасні, гэтыя школы могуць застацца без кіраўнікоў. Як так!?
Дырэктар пінскай гімназіі №3 Ігар Колб супакойвае Еўрарадыё:
"Паверце, няма розніцы, балатуюся я, ці не балатуюся ў дэпутаты. Гімназія ўсё адно рыхтуецца да новага навучальнага года, у нас добры калектыў, я на працоўным месцы. Усё будзе далей функцыянаваць. Кепскі той дырэктар, які сыходзіць, а ўстанова перастае паказваць вынікі і пачынаецца застой. Вядома, 14 гадоў, адданых гімназіі — вялікі тэрмін. Натуральна, шкада. Але думаю, што на новым месцы я змагу зрабіць яшчэ больш".
Ігар Колб тройчы выбіраецца дэпутатам гарадскога савета. Цяпер, вось, вырашае паспрабаваць сябе ў новай якасці, тым больш, кажа, мае ідэі:
"Рэвалюцый у адукацыі рабіць не трэба, аднак ёсць моманты, якія трэба падправіць. Гэта тычыцца і праграм, і падручнікаў, і выпускных экзаменаў за курс сярэдняй школы. Хацелася, каб усё гэта працавала на карысць дзяцей”, — мяркуе ці то дырэктар школы, ці ўжо палітык.
Яго сталічны калега, 29 гадовы Дзяніс Гардзяюк на кіруючай пасадзе ў школе №120 усяго толькі год. Хоча паглядзець, што такое выбарчая кампанія і лічыць, што ў парламенце павінна быць моладзь:
"Вырашыў паглядзець, як і што, каб праз пяць гадоў ужо больш грунтоўна да гэтага падыйсці. Усё ж трэба нечым ахвяраваць, каб нечага дасягаць у гэтым жыцці. Малады. Сілы ёсць, адчуваю. Мяркую, што ў парламенце мусіць быць моладзь. Натуральна, выбарцы будуць прыглядацца да майго юнага ўзросту. Але гэта будзе такая рэпетыцыя на будучыню".
Дырэктарка барысаўскай СШ№7 Інэса Зелянкевіч адмаўляецца сябе "рэкламаваць":
"Мне яшчэ рана даваць вам нейкія каментарыі".
У той жа час, Лілія Кір'як, дырэктарка з СШ№13 з Гродна, ахвотна распавядае свой шлях у народныя выбраннікі. Чатыры гады яна працавала памочнікам дэпутата Палаты Прадстаўнікоў, два гады ў гарадскім савеце. Досведам у вырашэнні абсалютна розных пытаннях падзяліцца можа, як ні хто іншы!
"Я кіраўнік рэйтынгавай школы, якая займае першыя месцы па якасці адукацыі сярод школ нашага горада. Вядома, шкада пакідаць школу — 23 гады на адным працоўным месцы, уявіце, як баліць сэрца і душа. Але, калі людзі мне даверылі, надаюць мне ўпэўненасць у тым, што я магу і я мушу, усё, назад шляху няма. Магчыма, карысць нашай краіне, і ў першую чаргу адукацыі і прынясу".
Адна з мэтаў дырэктара — вярнуць павагу да прафесіі настаўніка:
"Трэба пісаць пра цудоўных педагогаў, прафесіяналаў не толькі ў "Настаўніцкай газеце", але і ва ўсіх астатніх СМІ. Магчыма, тады на нас будуць глядзець іншымі вачыма, а не успрымаць, як сферу паслуг. Гэта вельмі балюча".
А вось настаўнік замежнай мовы Каранеўскай школы з Бешанковічскага раёна Георгій Станкевіч нечакана кажа, што вялікага імкнення да дэпутацтва ў яго няма.
"Я паэт, жыву на вёсцы і маю вялікую гаспадарку. А сябры мае папрасілі вылучыцца з руху "За Свабоду" кандыдатам. Ну, калі больш няма каму, давайце! Вялікага імкнення ў мяне няма. Але будзе магчымасць выступіць па тэлебачанні, пагаварыць з людзьмі ў чарговы раз, раней удзельнічаў у выбарчых кампаніях, збіраў подпісы".
Георгій Мікалаевіч не збіраецца абяцаць выбарцам заасфальтаваць ямкі ў кожным двары:
"Я ім скажу так: калі вы хочаце жыць па-іншаму, вы павінны самі крыху варушыцца, праяўляць грамадскую актыўнасць. А я, калі траплю ў Палату тую Прадстаўнікоў, хоць верагоднасць нулёвая, то я вам дапамагу ў гэтым".
Колькі школ застануцца без дырэктараў, даведаемся 11 верасня.