Чаму такі дзёрзкі? Зяленскі мае маральнае права крытыкаваць палітыкаў ЕС

Чаму такі дзёрзкі? Зяленскі мае маральнае права крытыкаваць палітыкаў ЕС

За больш чым паўтара года пасля пратэстаў у Беларусі Уладзімір Зяленскі працягвае ігнараваць існаванне Святланы Ціханоўскай. За гэты час лідарка беларускіх дэмакратычных сіл паспела правесці сустрэчы ледзь не з усімі кіраўнікамі заходніх краін.

Чаму ж прэзідэнт Украіны абыходзіць увагай Ціханоўскую? Сваімі разважаннямі на гэтую тэму дзеліцца палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман

— Мне падаецца, што падыход Зяленскага такі: я сустракаюся з тымі людзьмі, якія, з майго пункту гледжання, нешта вырашаюць, на нешта могуць паўплываць. І мне падаецца, што ён не сустракаецца са Святланай Ціханоўскай менавіта таму, што яна, з яго пункту гледжання, на падзеі сур’ёзна не ўплывае. Але гэта ўсё можа змяніцца. 

Фрыдман прыводзіць паралель з сустрэчай Зяленскага і федэральнага прэзідэнта Германіі Франка-Вальтэра Штайнмаера. Дакладней, яе адсутнасцю. 

— Штайнмаер хацеў прыехаць у Кіеў разам з прэзідэнтамі Польшчы і балтыйскіх краінаў, гэта было вельмі шчырае жаданне. Але ўкраінскі бок не пажадаў таго, каб ён у Кіеве з’явіўся. Прычына ў тым, што, па-першае, Штайнмаер доўгі час быў прыхільнікам эканамічнага супрацоўніцтва паміж Расіяй і Германіяй. А па-другое, федэральны прэзідэнт у нямецкай палітычнай сістэме адыгрывае рэпрэзентатыўную ролю. Зяленскі нават сам падкрэсліваў: я хачу бачыць Шольца, бо ён вырашае пытанні. Шольц знаходзіцца на чале ўрада. А што Штайнмаер? Ну зробіць з ім прыгожыя фота. А што яшчэ гэта дасць? Менавіта таму ён не сустракаецца і з Ціханоўскай, бо, на яго думку, гэтая сустрэча Украіне нічога не прынясе. 

Ад пачатку вайны Зяленскі вельмі дзёрзка сябе паводзіць у дачыненні да еўрапейскіх палітыкаў: крытыкуе, часам не па-дыпламатычнаму. Па словах Фрыдмана, украінскі лідар мае маральную перавагу, каб так рабіць:  

— Яго краіна змагаецца, змагаецца за дэмакратычныя ідэалы, еўрапейскія. У такі момант ён адчувае сябе ў стане казаць тое, што ён жадае. І казаць гэтую праўду, часам вельмі непрыемную. Робіць гэта адмыслова ў вочы еўрапейскім палітыкам. Для іх гэта вельмі непрыемна. Сёння ў Зяленскага такая папулярнасць і нават культавасць, што крытыкаваць яго на Захадзе — гэта вельмі дзіўна. 

Зяленскі гэтай маральнай перавагай карыстаецца, і карыстаецца паспяхова, каб дамагчыся таго, што яму патрэбна. А якія ў еўрапейскіх палітыкаў ёсць магчымасці? Змяніць сваю пазіцыю і падтрымліваць Расію? Зменяць дапамогу Украіне? Могуць толькі больш, менш ужо не будзе. Таму рызыка Зяленскага пры гэтай крытыцы — яна не такая вялікая.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі