Чаму я павінен выкупляць пасылку? Дзве гісторыі пра боль на пошце
Фота: omode.ru
У кастрычніку музыка і калекцыянер Сяргей Скрыпнічэнка атрымаў з Украіны пасылку каштоўнасцю ў $43. За гэта ён заплаціў мытную пошліну — падобна, пра тое, што без пошліны беларус можа прыняць толькі пасылку коштам да 22 еўра, памяталі ўсе, акрамя Сяргея.
Але на гэтым гісторыя не скончылася. У тым жа месяцы Скрыпнічэнка атрымаў яшчэ адну пасылку, на гэты раз прадбачліва ацэненую ўсяго ў $12. Каб забраць яе, калекцыянеру давялося... аддаць мытні яшчэ 27 рублёў.
"Я атрымліваю пасылкі з усяго свету, — распавядае Сяргей Скрыпнічэнка. — Ніколі са мной не здаралася нічога падобнага. Мытная пошліна за першую пасылку была аплачаная. Чаму я павінен плаціць другі раз? У паштовым аддзяленні тлумачылі вельмі незразумела. І там жа мне іншы наведвальнік распавёў, што, аказваецца, нормы перавышэння распаўсюджваюцца на ўвесь месяц. Гэта значыць, калі мне прыйшла пасылка коштам больш 22 еўра, усе наступныя пасылкі ў гэтым месяцы будуць лічыцца перавышэннем незалежна ад таго, у колькі ацэньваюцца. У выніку за другую пасылку я заплаціў пошліну, якая перакрыла кошт самой пасылкі".
Абмяркоўваючы сітуацыю з сябрамі, Сяргей Скрыпнічэнка зразумеў, што ён не адзін такі. Павучальная гісторыя: знаёмы калекцыянера адправіў падарунак сяброўцы. Хацеў здзівіць, і сюрпрыз атрымаўся: каб забраць прэзент, дзяўчыне прыйшлося раскашэліцца.
Як жа так?
У Мінскай рэгіянальнай мытні Еўрарадыё пацвердзілі, што ліміт у 22 еўра на кошт тавараў і ў 10 кг на іх вагу усталяваны для кожнага атрымальніка на адзін каляндарны месяц.
"Калі ліміт перавышаны, то адрасат павінен заплаціць 30% ад сумы перавышэння, але не менш як 4 еўра за 1 кг вагі ў частцы перавышэння. Акрамя таго, калі тавары, якiя перасылаюцца ў міжнародных паштовых адпраўленнях на адрас фізічнай асобы, абкладаюцца мытнымі пошлінамі і падаткамі, трэба выплаціць яшчэ 10 беларускіх рублёў — збор за ажыццяўленне мытных аперацый. Аплата робіцца ў беларускіх рублях пры атрыманні пасылкі".
Калі чалавек не можа заплаціць за пасылку, ён мае права ад яе адмовіцца. У такім выпадку яна вернецца да адпраўніку, а мытныя плацяжы спаганяцца не будуць. Адправіць пасылку ў бессэнсоўнае адваротнае падарожжа, не ўзяўшы ні капейкі ні з адпраўніка, ні з атрымальніка, для мытні не праблема. Дык не даставайся ж ты нікому!
"Навошта наогул патрэбная пошта, калі мы пасылкі не атрымліваем, а выкупляем?" — абураецца Сяргей Скрыпнічэнка. На яго думку, дзеючыя правілы фактычна правакуюць людзей хлусіць. Атрымальнік загадзя можа дамовіцца з адпраўніком, каб той пазначыў меншы кошт пасылкі, чым на самой справе. І калі мытня не капне глыбей, план пракоціць — плаціць пошліну за перавышэнне нормы не давядзецца наогул.
Уся гэтая гісторыя хвалюе калекцыянера. Раней ён з такімі праблемамі не сутыкаўся, хоць і здзіўляўся некаторым парадкам, заведзеным на пошце:
"Пастаянна здзіраць нейкія два ці тры рублі за так званае ўдакладненне дадзеных. Ты, калі адсочваеш на сайце "Белпошты" сваё паведамленне, раптам там вывальваецца штука, што патрабуецца ўдакладненне. І ты запаўняеш імя па бацьку... Я не магу зразумець з пункту гледжання здаровага сэнсу: што незразумела мытні, каб мая пасылка прыйшла да мяне".
Забыўся пазначыць імя — плаці?
"Мне прыйшло паведамленне аб неабходнасці прадастаўлення дадатковых звестак для атрымання пасылкі, — распавядае музыка Андрэй Апановіч. — Адрас, прозвішча, імя, імя па бацьку — усё было напісанае дакладна. Высветлілася, што мой таварыш, адпраўляючы мне падарунак, не пазначыў, што знаходзіцца ў пасылцы і які яе кошт.
Паводле яго слоў, ніхто не папярэдзіў яго пра гэтыя правілы пры афармленні перадачы. Я апынуўся ў вельмі недарэчнай і некарэктнай сітуацыі, удакладняючы дадзеныя, што адсутнічаюць. Пасылку пакуль не забіраў, таму пакуль не ведаю, колькі з мяне спішуць за гэтую працэдуру, але ў паведамленні ёсць папярэджанне пра тое, што гэта не бясплатна".
У мінскім паштовым аддзяленні №51 Еўрарадыё расказваюць, што на пасылцы трэба абавязкова пісаць імя і прозвішча. Калі да вас прыйшло паведамленне з просьбай удакладніць гэтую інфармацыю, пазначыць трэба будзе поўныя дадзеныя, і ў дадатак заплаціць 3 рублі 54 капейкі — як за даведку для мытні.
Але чаму столькі?
Растлумачыць, як была налічаная гэтая сума, якая складае прыблізна 1/7 базавай велічыні, на пошце не змаглі. Чаму за адсутнасць прозвішча атрымальніка на пасылцы трэба заплаціць менавіта 3 рубля 54 капейкі, застаецца загадкай.
"Ёсць правілы, і іх трэба выконваць, — кажуць у РУП "Белпошта". — Інфармацыю па пытаннях адрасных дадзеных можна знайсці ў "Даведцы" ў раздзеле "сачэнне за паштовымі адпраўленнямі" — у падраздзеле "Удакладненне даных для перадачы на мытны кантроль". У "Даведцы" ёсць тлумачэнні і наконт таварнага ўкладання. Акрамя таго, мы рэгулярна абнаўляем навіны на сайце "Важная інфармацыя для атрымання міжнародных паштовых адпраўленняў", якая размешчаная на галоўнай старонцы".
Увогуле, калі вы цяпер знаходзіцеся за мяжой і адправілі сваёй бабулі пасылку, а нейкія даныя ўказаць забыліся, адпраўце ёй гэтыя спасылкі. На пошце кажуць, што там усё напісана.