Чэрачэнь: у прафсаюзным офісе паставілі тварам да сцяны
19 красавіка прайшоў "хапун" у незалежным прафсаюзным руху Беларусі. Кіраўнік партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Сяргей Чэрачэнь расказаў "Народнай волі", як праходзіў ператрус у мінскім офісе прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, куды ён зайшоў да яго кіраўніка.
Людзі ў чорным выламалі дзверы і ўварваліся ў памяшканне. У іх была пастанова на ператрус, які працягваўся з 13-й да 18-й гадзіны (ён праводзіўся ў рамках нейкай крымінальнай справы). "Спачатку паставілі тварам да сцяны, потым дазволілі прысесці", — расказвае Чэрачэнь. Разам з ім былі яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку прафсаюзны кіраўнік Генадзь Фядыніч.
Пасля ператрусу адпусцілі толькі тых, хто не мае дачынення да прафсаюза, як Сяргей Чэрачэнь.
Нядаўна ў Беларусі незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Яго кіраўніцтва рабіла запыт у КДБ з просьбай патлумачыць прычыну, паколькі прафсаюз афіцыйна зарэгістраваны і працуе ў рамках заканадаўства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.