Чыноўнікі хочуць узяцца за культуру Беларусі і збудаваць жалезную заслону
Ідэальныя беларусы для чыноўнікаў — тыя, хто нічога не ведае і нічога не бачыць
Мінкультуры распрацавала праект Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы на 2024-2026 год. У дакуменце ёсць вельмі займальныя пункты аб планах чыноўнікаў на найбліжэйшыя гады. Як жа яны бачаць развіццё культуры Беларусі? Еўрарадыё даследавала праект дакумента.
Змаганне з заходнімі каштоўнасцямі
Ужо ў прэамбуле дакумента чыноўнікі пішуць пра тое, навошта такая канцэпцыя наогул патрэбная. Тлумачэнне — цалкам у рэчышчы паводзін сістэмы ўлады апошніх гадоў.
"...узмацненне ўплыву на беларускае грамадства заходняй культуры (пераважна англійскага і амерыканскага паходжання), якая сцвярджае каштоўнасці індывідуалізму, неабмежаванай свабоды творчасці, прапаганды ненатуральных адносін паміж мужчынам і жанчынай і ў сям'і. Замежная культурная прадукцыя, якая транслюе гэтыя каштоўнасці, актыўна спажываецца моладдзю і ўспрымаецца ёю як модны і сучасны ўзор для пераймання", — пазначана ў канцэпцыі.
Але і гэта не ўсё. Зараз афіцыйна прапануюць замацаваць адыход ад замежных святаў (Дня святога Валянціна, Хэлаўіна і таму падобных) на карысць "народных і сучасных грамадзянскіх святаў".
Не дзіва, што змяншаць колькасць замежнай прадукцыі хочуць і на кніжных паліцах. Канцэпцыя прапануе "стварэнне ўмоў для фарміравання інфармацыйнага поля, адпаведнага традыцыйнай культуры і нацыянальным інтарэсам". А са Стывенам Кінгам або графічнымі раманамі "З заміраннем сэрца" такога, вядома, не зробіш.
Гэта ўжо прынятая канцэпцыя? Што можна зрабіць?
Пакуль гэта праект Канцэпцыі, гэта значыць яна яшчэ не зацверджаная. І (тэарэтычна) усе беларусы могуць паспрабаваць паўплываць на яе змест, таму што дакумент знаходзіцца на грамадскім абмеркаванні.
Абмеркаванне працягнецца да 1 кастрычніка. Прачытаць праект канцэпцыі поўнасцю можна на сайце Мінкульта, а даслаць заўвагі і прапановы — па адрасах [email protected] і [email protected]. Каб зварот прынялі да ўвагі, трэба пазначыць прозвішча, імя і адрас прапіскі, але і тое, і тое не з'яўляецца праблемай ні для беларусаў унутры краіны, ні для эміграцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.