“Чырвоненькі чалавек”. Чаму беларускаму гледачу паказваюць шчарбаты “Хрусталь”?
На экране павольна пачынаюць з'яўляцца фінальныя цітры. Гледачы ў экстатычных авацыях. У зале цёмна, і не відаць: можа, яны нават паўскоквалі з месцаў? Гэта прэм’ерны паказ “Оскараўскага” фільма “Хрусталь” у Мінску. На яго сабраліся беларускія селебрыціз, якім не хапіла месцаў на прэс-паказе. Цягам фільма яны некалькі разоў выбухаюць рогатам і апладысментамі.
Чакаючы пачатку фільма, іду па вуліцы побач з кінатэатрам. Падыходзіць жанчына і па-змоўніцку пытаецца:
— Малады чалавек, у вас лішняга квіточка не знойдзецца?
Поспех стужцы гарантаваны.
Усходнееўрапейскі экзатызм
Прывязка Беларусі да фільма — умоўная. Кантэкст універсальны. Мясцовыя тут самабытныя роўна настолькі, каб паказаць усходнееўрапейскі каларыт, але не настолькі, каб ідэнтыфікаваць менавіта Беларусь. Потым высвятляецца, што сцэны, якія звязваюць фільм з грамадскім і палітычным жыццём Беларусі 1990-х, выразаныя дзеля “Оскара” і пракату.
Так-так, у “Хрусталя”, які паказвалі на кінафестывалі ў Карлавых Варах, была іншая канцоўка. Апошнія кадры паказваюць Мінск, “Чарнобыльскі шлях-96”. Пік масавага грамадзянскага супраціву. У выніку ідэі, якія прагаворваюцца ў фільме, аказваюцца толькі словамі. Рэжысёр гатовая рэзаць фільм па жывым, адмаўляючыся ад важных ідэяў. Колькі яшчэ іх прынесена ў ахвяру таму, каб фільм пайшоў у беларускі пракат і на “Оскар”?
Героі фільма — яшчэ не экзатычныя дзікуны, як у фільмах Кустурыцы, але ужо і не сярэднестатыстычныя грамадзяне. Такая купіраваная экзатызацыя, на якую здольны хіба што выхадзец з Усходняй Еўропы, які калісьці з'ехаў адсюль назаўжды.
Святлана Алексіевіч прадае вобраз "чырвонага чалавека". Чалавек з “Хрусталя” Дар'і Жук — "чырвоненькі". Гэта постсавок, які нібыта здабыў свабоду, але не захацеў ёй разважліва распараджацца, адмовіўся ад яе і сышоў у самаразбурэнне.
Што беларускага ў пракатным “Хрусталі”, акрамя надпісу “Мінск-1996” і трасянкі? Паглядзіце гэтае кіно, пашукайце адказ.
“Новы Усход”
Што сапраўды ясна з фільма — яго дзеянне адбываецца на аскепку савецкай імперыі.
Гэта тэрыторыі, на якіх калісьці ўладарыў "вялікі" савецкі наратыў. Пра што ў фільме часам узгадваюць з любоўю. Але цяпер саветаў няма, вялікага наратыву няма, рэшткі былой імперыі разлагаюцца. У проціборстве ідэалогій савецкая прайграла і была скінутая.
У фільме мы можам назіраць як маладое пакаленне "беларусаў" аказваецца пад уплывам каланіяльнай культуры ЗША. Захоп і асіміляцыя адбываецца праз масавую культуру, праз джанк-прадукцыю. І не важна, будзе гэта фільмы катэгорыі B або хаўс-музыка. Тут гэта адразу становіцца элітарным прадуктам.
Яе барацьба
Статуя Леніна навісае над дыджэйскім пультам. У чырвоным святле, калі ты глядзіш на яго знізу ўверх, ён здаецца крывавым тытанам. Сярод ідалаў савецкай эпохі ў музеі Азгура, моладзь 90-х адрываецца на тэхна-рэйве. Дзевяностыя тут прыгожыя, гладкія, модныя. Эстэтызацыя 90-х ідзе ўжо даўно, і наўрад ці тое, што любяць у тым часе сённяшнія хіпстары, мае некае дачыненне да рэальных дзевяностых. Мелі рацыю тыя, хто казаў пра “лубок”.
Галоўная гераіня, Веля, марыць зваліць. У яе ёсць дыплом юрыста, якім яна не плануе карыстацца. Яна ўвогуле не працуе. Грошы яна крадзе ў маці, прадае сваю вопратку і бярэ ў "доўг" у бойфрэнда. Ёй ненавіснае усё, што існуе вакол яе. Яна марыць збегчы.
ЗША для яе — краіна мары. Краіна свабоды. Там можна ўсё. Апранацца як хочаш, адкрыта выказваць свае думкі. Ды ўвогуле — думаць. Яна ніколі не была ў ЗША (“Гудбай, Америка, о… где не был никогда — прощай навсегда!”), але гэта і не трэба. Мару не трэба чапаць рукамі. Галоўнае — імкнуцца да яе. Нам не пакажуць, ці з'ехала ў выніку Веля ў ЗША. Ды гэта і не важна.
Барацьба галоўнай гераіні — галоўная крыніца канфліктаў фільма. Для яе не маюць значэння законы. Ды і іншыя людзі таксама. У ёй няма ні павагі, ні абачлівасці, ні разважнасці. Яна — бунт. Бессэнсоўны, бязлітасны, але такі прыемны! Веля крадзе і хлусіць. Грубая, жахлівая, рэзкая і меркантыльная істота. Персанаж-функцыя. І задача яе — хацець зваліць.
Ярчэй за ўсё яе можа ахарактарызаваць верш Сяргея Жадана ў перакладзе Віталя Рыжкова:
“Спаленыя знутры пакоі бардэляў,
менструальная кроў на рэвалюцыйных сцягах,
адсутнасць сумневаў,
адсутнасць успамінаў,
адсутнасць магчымасці нешта змяніць”.
У Велі няма эмоцый, ёсць толькі рухі. Твар — каменная маска. Яна з аднолькавым выразам твару крычыць, тусіць, вырашаецца на злачынства, хлусіць і сядзіць у ванным пакоі пасля згвалтавання. Яна не выклікае ніякіх эмоцый, акрамя раздражнення. Усе яе дзеянні і словы — эгаістычныя і дурныя. І выклікаюць авацыі публікі. Людзям падабаюцца бунтары.
Фільм поўны персанажаў-функцый. Нявеста-пустышка, тупаваты жаніх, які жыве па паняццях, але якому няма з кім пагаварыць, падлетак, не такі як усе, маўклівы бацька, глухаватая бабулька, маці, якая вар’яцее па ёзе і аюрведзе. Імёны сціраюцца адразу пасля іх агучвання. Імёны не патрэбныя. Персанажы-кардонкі ў чарадзе эпізодаў-эцюдаў.
Безнадзёга. Аліўе. Фуко
Сцэна ў аўтобусе. Плэер выключаецца, батарэйкі здохлі. Яна са свету сваіх ілюзій, са свету ўнутранай эміграцыі, гарадскіх рэйваў і закрытых тусовачак, аказваецца ў вонкавым свеце, дзе жывуць іншыя людзі. На фоне граюць ці то "Песняры", ці то нейкі іх клон. Старэнькі ЛАЗ павольна едзе па дарозе, па баках прачынаецца пасля зімы Беларусь.
У фільме ёсць канфлікт. Вось ёсць гарадскія, яны культурныя, ходзяць у моднай вопратцы, сыплюць праз слова англійскай, слухаюць сучасную музыку. І ёсць вясковыя: яны просценькія. Пажэрці, выпіць, паспаць. Рамантыка. Размаўляюць на трасянцы. Не разумеюць, навошта з’яжджаць у іншую краіну, тым больш у ЗША, хіба што "хахаля знайсці". І рэагуюць на дзеянні гераіні аднолькава: "Ты што, лепшая за іншых?".
Галоўны герой, які потым згвалціць Велю, наракае, што навокал парадку няма, не тое што ў войску. Там было добра, закон быў, хоць і жорсткі, але ўсе яго разумелі. "Галоўнае — не быць с*кай [нехарошым чалавекам. — Еўрарадыё]", — філасофствуе ён. І тут жа цытуе Фуко: "Войска — гэта турма".
У наступнай сцэне расійскі рэпер Хаскі, які, дарэчы, топіць за Данбас, перабівае наколку "С*ка" [нехарошы чалавек. — Еўрарадыё] на дупе галоўнага героя. Не здзіўлюся, калі потым з гэтай сцэны зробяць кліп на новую песню рэпера, з рэфрэнам: "Галоўнае — не сс*чыцца".
Фільм прасякнуты ўзаемным непрыманнем людзей у горадзе і жыхароў правінцыі. Краіны, у якой яна жыве. Музыкі, якая яе акружае (акрамя хаўза). Рэальнасці, якая прымушае яе выжываць. Разбурэння, безнадзейнасці, аліўе, катлет, заліўной рыбы і гарэлкі. Але гэта не эмоцыі галоўнай гераіні. Гэта эмоцыя фільма. Нам спрабуюць паказаць гэта з іранічнага пункту гледжання, але раз-пораз прарываецца бяссільная злосць да гэтага.
“Любіць радзіму — практыка духоўная”
У фільме няма дыялогаў. Ёсць маніфесты, якімі выказваюцца персанажы. Усё прагаворваецца прама. Калі пра свабоду, дык з усімі ўласцівымі штампамі пра "рабі што хочаш, думай што хочаш, кажы што хочаш".
Калі пра безвыходнасць, дык у лоб: "Тут нічога не зменіцца", — кажа Веля свайму бойфрэнду ў пераходзе на плошчы Перамогі.
"Для мяне любіць радзіму — практыка духоўная", — кажа яе мама, аюрведычная ягіня, якая працуе ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, сыграная актрысай Купалаўскага тэатра Святланай Анікей.
Згвалтаванне
Фільм спачатку разганяецца пад бадзёрыя біты музыкі ў пачатку, але неўзабаве дае па тармазах і б'е прыборнай дошкай па твары. У нейкі момант з-пад вясельнага стала вылазіць хімера: ці то "Левіяфан", ці то "Горка". Спярша б'юць адзін аднаму морды, а потым п'юць за здароўе. Баян рве душу. Малалетка п’е гарэлку з гарла, бо яго брат — гвалтаўнік. Катарсіс усё не прыходзіць і не прыходзіць.
Эмацыйным пікам фільма, па ідэі, павінна была стаць сцэна згвалтавання. Але замест важнага сюжэтнага пералому, фільм аказваецца зрынуты ў бездань чарнухі.
Пасля згвалтавання градус чэрні пачынае штохвілінна падымацца. Не дзіўна, што пасля прагляду гэтага фільма расійскія крытыкі сталі з радасцю прылічаць яго да расійскага кіно. Пераемнасць відавочная.
Глядзіце фільм, каб не ўмёрлі
У адным са шматлікіх бравурных інтэрв'ю, калі стала вядома пра стварэнне беларускага “Оскараўскага камітэта” і вылучэнне на прэмію фільма "Хрусталь", Дар'я здзівілася пытанню пра ўпэўненасць, што менавіта яе фільм пойдзе на “Оскар”: "А што, ёсць нехта яшчэ?". Варта прызнаць, што гэты фільм — сапраўды выдатная сумесная праца рэжысёра і каманды прадзюсараў. Прасоўванне ў фільма выдатнае. Постпрадакшн на вышыні. Але… як ставіцца да таго, што беларускі “Хрусталь” — шчарбаты? Як ставіцца да гэтай пазіцыі рэжысёра? Маўляў, беларусы схаваюць, бо нікога больш няма, а па фестывалях мы пракоцім нармальную версію, каб паўнавартасныя людзі ўбачылі паўнавартасны фільм.
Еўрарадыё ўжо пісала, што беларуская кінакрытыка ў адзіным парыве хваліць фільм. Чаму? Таму што гэта сапраўды адна з найлепшых стужак, што зрабіў беларускі кінематограф за апошні час. Аднак фільм добра выглядае толькі на фоне астатняга беларускага кіно. А ў сусветным кантэксце… Глядзіце самі.