Ці будзе Расія раззбройваць сепаратыстаў на ўсходзе Украіны?

Перамовы па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу прайшлі 17 красавіка ў Жэневе з удзелам Расіі, ЗША, Еўрасаюза і Украіны. Па выніках перамоў усе бакі абавязаліся ўстрымлівацца ад любога гвалту, запалохвання альбо правакацыйных дзеянняў. А таксама, што ўсе незаконныя фармаванні мусяць быць раззброеныя, а ўсе незаконна захопленыя будынкі вернутыя ўладальнікам.



Што на сёння зроблена для выканання падпісанага ў Жэневе пагаднення і ці вераць у Кіеве, што яно будзе выконвацца?



Пакуль не робіцца нічога ды, хутчэй, падпісанае ў Жэневе пагадненне Масква выконваць не збіраецца, упэўнены кіраўнік украінскага паліталагічнага цэнтра “Пента” Уладзімір Фясенка.



Уладзімір Фясенка: “Фармулёўкі гэтага пагаднення можна трактаваць па-рознаму, у гэтым яго слабасць. І Расія трактуе гэта пагадненне толькі на карысць сваіх інтарэсаў. Адсюль выснова: яны яго выконваць не збіраюцца. І збіраюцца выкарыстоўваць гэта пагадненне выключна ў тактычных мэтах”.

                                               Уладзімір Фясенка



У якасці доказу сваіх высноў суразмоўца Еўрарадыё звяртаецца да галоўнага патрабавання жэнеўскага пагаднення — разбраення незаконных фарміраванняў. Чытай, сепаратыстаў на ўсходзе краіны.



Уладзімір Фясенка: “Ключавую ўмову гэтага пагаднення, аб дээскалацыі, не выконвае і не збіраецца выконваць адзін з бакоў канфлікту. Той, які Расія і падтрымлівае. Я маю на ўвазе сепаратыстаў, якія захапілі будынкі ў Луганску і Данецку” (вечарам у панядзелак 21 красавіка стала вядома, што сепаратысты захапілі будынак мясцовай міліцыі ў Краматорску — заўвага Еўрарадыё).



Як іх прымусіць выконваць жэнеўскае пагадненне, незразумела, разважае ўкраінскі палітолаг. Яны пагадненне не падпісвалі і прымусіць іх скласці зброю павінна Расія, якая іх да гэтага канфлікту і падштурхнула. Але Масква не прызнае сваіх сувязяў з прарасійскімі сепаратыстамі ўсходу Украіны і выкарыстоўваць магчымасці ўплыву на іх не збіраецца.



Уладзімір Фясенка: “Расія дзейнічае інакш, яна праз сепаратыстаў будзе навязваць “прыднястроўскі” сцэнарый. Яны ўжо збіраюцца абвяшчаць “Народныя рэспублікі” у Адэсе і Харкаве. Потым паспрабуюць зрабіць з гэтых рэспублік нейкую федэрацыю. А далей — абвяшчэнне незалежнасці і падпісанне дамовы з імі. Федэралізацыя праз дамову з гэтымі самаабвешчанымі рэспублікамі. Гэта, адпаведна, ніякім чынам не адпавядае жэнеўскаму пагадненню”.



Тым не менш, кажа эксперт, спробу выканаць гэтае пагадненне неабходна зрабіць. Маўляў, які б ён ні быў невялікі, але гэта — шанс на мірнае ўрэгуляванне канфлікту і яго неабходна выкарыстаць.



Дарэчы, былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі так пракаментаваў жэнеўскае пагадненне па Украіне на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:



“Расія падпісала мноства дамоў з Грузіяй па канфліктах, у тым ліку, пры міжнародным пасярэдніцтве. У тым ліку — Дагамыскія, Сочынскія і Маскоўскія, 6 артыкулаў плана Сарказі-Мядзведзева. Не толькі кожная з гэтых дамоў была парушаная Расіяй, але амаль усе з іх Расія выкарыстоўвала як інструмент для новых захопаў”.



Падштурхнуць бакі да выканання жэнеўскага пагаднення вырашыў Урад ЗША. Вечарам 21 красавіка прадстаўнік Дзярждэпартамента Джэн Псакі заявіла на брыфінгу, што калі Расія не звернецца з заклікам да прарасійскіх сепаратыстаў, вызваліць занятыя будынкі, зняць блокпасты і пагадзіцца з амністыяй, то ЗША прыме рашэнне аб увядзенні дадатковых санкцый супраць Расіі. Прычым, “у лічаныя дні”.

Фота: u-f.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі