Ці гатовая Украіна наносіць удары па аб'ектах у Беларусі? Меркаванне Фрыдмана

На месцы дыверсіі / t.me/sskarnaukhov
На месцы дыверсіі / t.me/sskarnaukhov

Калі Кіеў палічыць патрэбным, ён будзе праводзіць акцыі і на тэрыторыі Беларусі, і ў дачыненні да беларускіх аб'ектаў, лічыць гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. У стрыме Еўрарадыё ён прыводзіць у прыклад дзеянні партызан на чыгунцы пад Бранскам, у выніку якіх пацярпеў беларускі цягнік.

Дыверсія пад Бранскам адбылася 1 мая на 136-м км чыгункі Бранск — Унеча. Беларускі цягнік з нафтапрадуктамі накіроўваўся з Гомеля ў Бранск. Лакаматыў загарэўся, а некалькі вагонаў перакуліліся. Затрымаць "партызан" расійскія сілавікі не змаглі.

— Мы не ведаем, ці была ў Бранскай вобласці спланаваная дыверсія менавіта супраць гэтага цягніка. Ці было важна для людзей, якія гэта зрабілі, каб цягнік быў беларускім — ці гэта была выпадковасць?

І наогул, ці ведалі яны, што цягнік беларускі. Калі зыходзіць з таго, што ведалі, то відавочна, тэзіс "Беларусь наўпрост не ўдзельнічае ў вайне" не паўплываў на іх рашэнне.

Ён нагадвае і пра навіны, што Кіеў хацеў атрымаць ад Францыі лічбавую карту Беларусі.

— Але не атрымаў. Гэта яшчэ раз паказвае: цікавасць яны праяўлялі. Гэта значыць, прынцыповая гатоўнасць праводзіць акцыі супраць беларускіх аб'ектаў існуе.

І Лукашэнка ведае, што сітуацыя ў любы момант можа стаць форс-мажорнай, дайсці да эскалацыі. Ці хоча ён гэтага? Відавочна, не. Таму пры кожным такім інцыдэнце робіцца ўсё, каб пайсці на дээскалацыю.

Фрыдман не давярае прадстаўнікам афіцыйнага Мінска, якія кажуць, што ў выніку дыверсіі пад Бранскам беларускія чыгуначнікі не пацярпелі. І тлумачыць сваю пазіцыю:

— Я не схільны давяраць дыктатарскім рэжымам. Я хацеў бы бачыць пацвярджэнні. Чыгуначнікаў паказалі? Не паказалі. Мы наогул не ведаем, дзе яны знаходзяцца і ці атрымлівалі меддапамогу.

Але мы ведаем, што беларускія ўлады, калі трэба, і дакументальныя фільмы могуць зняць. А гэтым разам? Замаўчаць гісторыю было немагчыма, паведамленні з Расіі ўжо пайшлі. Так што беларускі бок павінен быў рэагаваць.

Але як? Хутка паведаміць — а потым перакрыць гэтую тэму іншымі. І вось што мы бачым: прайшло некалькі дзён, а інфармацыі не з'яўляецца. Беларускія ўлады проста хочуць гэтую тэму пераседзець і не ісці на абвастрэнне стасункаў з Украінай, таму што ўцягвацца ў вайну Лукашэнка відавочна не хоча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі