Ці хвалюе беларускіх бацькоў смерць дзяўчынкі ад прышчэпкі

Ці хвалюе беларускіх бацькоў смерць дзяўчынкі ад прышчэпкі

Ля прышчэпачнага кабінета ў раённай паліклініцы ў Бараўляных поўна народу. Побач — кабінет здаровага дзіцяці. Мамы і таты з дзеткамі спачатку ідуць на агляд да доктара, пасля займаюць чаргу на планавую прышчэпку.

"Мы прышчапляемся выключна расійскай "акэдээскай", — распавядае Марына, яна ходзіць па калідоры за гадавалай дачкой. — Ну, нібыта ўсё добра. Мы не алергікі. Толькі з аналізамі нас доктар дапускае, таму ніякіх пытанняў ніколі не ўзнікала. Увогуле, у мяне мама медык, таму толькі на яе арыентуемся — яна кепскага не параіць".

Тое, што на днях у Гродне пасля вакцынацыі памерла шасцігадовая дзяўчынка, Марына ведае. Гэтая навіна не змяняе яе рашэння, прышчапляць дзіця. Як і рашэнні іншых мам, якія хоць і чуюць пра трагедыю ўпершыню ад Еўрарадыё, рэагуюць стрымана.

"Я прышчапляю дзяцей планава. Праходзім агляд і ўсё. Усё добра. Праблем няма. Рэакцыі на прышчэпкі няма. Прычым, мы бясплатна прышчапляемся. Прэтэнзій увогуле ніякіх, — падключаецца да размовы Таццяна з дзвюма дочкамі. — Натуральна, што колькі людзей, столькі меркаванняў. Тыя, хто лічаць, што вакцынацыя небяспечная, гэта іх суб'ектыўнае меркаванне. Але я лічу, што прышчапляцца трэба".

Ці хвалюе беларускіх бацькоў смерць дзяўчынкі ад прышчэпкі

Вікторыя і Кацярына трымаюць на руках пяцімесячных хлопчыкаў — у гэты перыяд ім робяць трэцюю прышчэпку АКДС (камбінаваная вакцына супраць дыфтэрыі, слупняка і коклюшу). Яны толькі выйшлі ад доктара.

"Як рыхтуемся? Глядзім, каб тэмпературы ў дзіцяці не было, каб не хварэў, бо нельга ж рабіць прышчэпкі ў такой сітуацыі, абавязкова здаём аналіз крыві. І усё добра, цьфу-цьфу-цьфу", — Кацярына супакойвае малога, які пачынае плакаць. А Вікторыя дадае, што аддае перавагу ўсё ж платным прышчэпкам. На ўсялякі выпадак:

"Мы робім усе прышчэпкі. Я проста сама медык, таму пра гэта ўсё ведаю. Але цяпер праблема ў тым, што французскія прышчэпкі толькі платныя, менавіта "Пентаксім", а на бясплатныя пакуль не рашаемся: дзіця маленькае".

А вось Святлана, якая чакае чаргі да доктара з шасцігадовай дачкой, не асабліва давярае прышчэпкам, хоць і робіць іх дзіцяці.

"Я шмат чаго негатыўнага чула пра вакцынацыю, і сама, як дыфектолаг, ведаю, што часам бывае пасля гэтага. У нас падаецца інфармацыя так, што гэта ўсё добра, усё правільна. Але, не ведаю... Ад грыпу, напрыклад, увогуле ніколі не прышчапляемся — чамусьці нармальна ўсё, — разводзіць рукамі жанчына. — Перад школай нас прымусілі зрабіць прышчэпку, сказалі, што трэба. Хаця, у прынцыпе, я разумею, што можна адмовіцца і ніхто не перашкодзіць. Усё ж думаю над тым, каб увогуле перастаць іх рабіць. А так, дагэтуль рабіла звычайныя прышчэпкі тут, у паліклініцы. Але плаціць дакладна не гатовая за гэта задавальненне".

Ці хвалюе беларускіх бацькоў смерць дзяўчынкі ад прышчэпкі

У працэдурным кабінеце кажуць, што прышчэпку ад адру, паратыту і краснухі, якая нібыта стала прычынай трагедыі ў Гродна, з панядзелка 6 чэрвеня дакладна не робяць: прыйшоў загад з Міністэрства аховы здароўя. Калі ўзновяць вакцынацыю і якім прэпаратам, будзе вядома на наступным тыдні. Па словах медсястры, на яе практыцы на бельгійскі "Прыёрыкс" ніколі не было не тое, што нараканняў, нават гаворкі не ішло па пачырваненне ад прышчэпкі.

"Тым больш, вядома, што з той жа ампулы ў той дзень рабілі прышчэпку яшчэ аднаму дзіцяці — з ім усё добра", — кажа медсястра і без праблем дае пачытаць інструкцыю да прэпарата — англійскую версію і яе пераклад, завераны пячаткай паліклінікі. Дарэчы, супрацьпаказанняў у прэпарата не так многа:

  1. Алергічная рэакцыя на папярэдняе ўвядзенне прэпарата; павышаная чуллівасць да неаміцыну, да аднаго з іншых інгрэдыентаў вакцыны і курыных яек; разам з тым наяўнасць у анамнезе кантактнага дэрматыту, выкліканага неаміцынам, не з’яўляецца супрацьпаказаннем да прышчэпкі.

2.Гумаральны ці клетачны імунадэфіцыт (першасны ці набыты), уключаючы гіпагамаглабулінемію, дысгамаглабулінемію, СНІД і ВІЧ-інфекцыю з клінічнымі праявамі ці адпаведнае ўзросту працэнтнае ўтрыманне СD4+ Т-лімфацытаў у дзяцей ва ўзросце да 12 месяцаў СD4+ <20%, дзеці ва ўзросце 36-59 месяцаў: СD4+ <15%.

3.Цяжарнасць

4.Як і пры прымяненні іншых вакцын, увядзенне вакцыны “Прыёрыкс” мусіць быць адкладзенае ў асобаў з праявамі вострых захворванняў, якія суправаджаюцца ліхаманкай. Наяўнасць нязначнай інфекцыі, напрыклад, прастуды, не патрабуе адтэрміноўкі вакцынацыі.

Ці хвалюе беларускіх бацькоў смерць дзяўчынкі ад прышчэпкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі