Ці абражае беларусаў трасянка ў рускім перакладзе Муракамі?
Трасянка, якая трапіла ў рускі пераклад апавядання Харукі Муракамі "Yesterday", стала падставай для буры ў сацыяльных сетках. Пост на гэтую тэму журналісткі і пісьменніцы Таццяны Заміроўскай, у якім яна здзіўляецца таму, што беларусы не надта абураюцца з гэтай нагоды, сабраў 242 каментарыі.
"Ці няма ў гэтым ніякага расізму, шавінізму, апрапрыяцыі, лёгкай перавагі над братамі нашымі малымі з іх смешнымі гаворкамі і іншай непрыемнай бздуры?" — іранізуе Таццяна.
З Таццянай пагаджаюцца многія, а ёсць і такія, хто бачыць у сітуацыі пазітыў, маўляў, гэта партызанская акцыя, дзякуючы якой трасянка трапіла ў рускі пераклад Муракамі. Іншыя спасылаюцца на комплекс маленькай нацыі, маўляў, не ўпускаем магчымасці пакрыўдзіцца.
Прыкладна такога ж меркавання прытрымліваецца бізнесмен Юрый Зісер:
"Горшае, што можна зрабіць, гэта абражацца на нешта. Збоку гэта заўсёды выглядае агідна. Мы можам у душы абражацца, але выказваць нейкія ноты і пратэставаць — гэта выглядае неразумна, смешна і несалідна. Не стала беларуская мова і трасянка горшай з-за таго, што яна з'явілася ў Муракамі".
На думку паэта і грамадскага актывіста Глеба Лабадзенкі, калі б трасянка з'явілася ў беларускім перакладзе Муракамі, то ён бы ні ў якім разе не пакрыўдзіўся. Бо нам самім у плане самаіроніі дазволена крыху больш, чым нашым суседзям:
"Пакуль што ў нас адна дзяржаўная мова. Гэта трасянка. І калі б мы больш размаўлялі па-беларуску, а не стараліся правільна гаварыць па-руску, у выніку чаго і атрымліваецца трасянка, падставаў для сцёбу было менш. Гэта нагода задумацца пра сябе — чаму такія сітуацыі ўзнікаюць. Чаму з нас сцябуцца".
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч нечакана кажа, што ў Беларусі на трасянцы развіваецца жывая літаратура і прыгадвае, як трасянку яго рамана перакладалі на французскую:
"Нас заганяюць у адно поле расійскай мовы, у межы расійскага перакладу. Давайце ўявім, што нейкія расійскія гаворкі ў такой сітуацыі ўжыў беларускі перакладчык з японскай. Зусім іншая карцінка, праўда? Наколькі я зразумеў, расійскаму перакладчыку ў яго працы з трасянкай дапамагалі беларускія філолагі. Паўстае лагічнае пытанне да гэтых беларускіх філолагаў: ім што, няма чым заняцца?.. Для мяне ў гэтай гісторыі відавочная нейкая пагарда да свайго, пагарда і комплекс непаўнавартаснасці. У Беларусі на трасянцы развіваецца жывая літаратура, а сур’ёзныя людзі нашу трасянку марнуюць на расійскага Муракамі. Пасрэднага моднага пісьменніка, які да нас — ніякім бокам.
Дарэчы, перад нечым падобнай задачай — як перадаць беларускую трасянку ў перакладзе на іншую, няроднасную нашай мову — аказалася французская перакладчыца майго рамана “Дзеці Аліндаркі”. Яна падышла да працы больш творча і сур’ёзна, знайшла незвычайныя стратэгіі. А проста скарыстацца асаблівасцямі моўнай сітуацыі ў іншай краіне — гэта не надта прыгожы і не надта ўдалы шлях".
Культуролаг Максім Жбанкоў бачыць у з'яўленні трасянкі ў перакладзе Муракамі празмерную гіперактыўнасць перакладчыка, дзе ён фактычна пачынае працаваць за аўтара. Аднак упэўнены, што беларусам не варта звяртаць увагу на тое, што думаюць пра нас нашы суседзі, а займацца ўласнымі справамі:
"Трэба ставіцца да гэтага абыякава, бо гэта абсалютна непрынцыповыя рэчы. Абражайся — не абражайся, нам трэба рабіць сваё. Быць менш расійсказалежнымі".