Ці надышоў час правесці незалежны фінансавы аўдыт беларускай апазіцыі?

Ці надышоў час правесці незалежны фінансавы аўдыт беларускай апазіцыі?

“Дзе грошы?” — такое пытанне час ад часу адрасуецца беларускім дэмсілам. Маўляў, жывуць палітыкі за мяжой, ездзяць на канферэнцыі, але за чый кошт? І ці не асядаюць у іх кішэнях сродкі, якія Захад выдаткоўвае на падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Ці прыйшоў час правесці поўны аўдыт кашалькоў апазіцыйных структур?

— Я думаю, што ўсе публічныя асобы, якія прэтэндуюць на высокія дзяржаўныя пасады ў будучай Беларусі, абавязаны прадставіць фінансавую справаздачу, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё палітолаг Павел Усаў. — Але калі яна ёсць легальная, бо кожны можа прадставіць падатковыя дэкларацыі, і гэта зусім можа не азначаць, што гэта выключна тыя сродкі, якімі тая ці іншая асоба можа карыстацца. Гэтыя асобы павінны быць максімальна празрыстыя. Асабліва ў часы, калі пытанне фінансавання беларускай апазіцыі выклікае столькі праблем.

Калі палітычная дзейнасць ператвараецца ў “грантасоства”

— Я абсалютна не збіраюся асуджваць тых людзей, якія шукаюць фінансавай падтрымкі ў замежных арганізацыях, фондах, — кажа Павел Усаў. — Для большасці беларусаў, якія рэалізуюць нейкія актыўныя працэсы, гэта адзіная крыніца выжывання. Але я абсалютна супраць таго, каб гэтыя сродкі ішлі на так званы палітычны бізнес.

Вядома, што ўсе гэтыя замежныя фонды даюць грошы не на палітычную дзейнасць, а на медыя, на правы чалавека і гэтак далей. І тады апазіцыйным структурам неабходна пісаць гэтыя праекты і справаздачы менавіта на тую актыўнасць, якая не звязаная непасрэдна з палітычнай дзейнасцю. Проста дзеля таго, каб атрымаць нейкі заробак за сваю дзейнасць. І такая актыўнасць сыходзіць зусім у іншы кірунак. У рэшце рэшт гэта называецца “грантасоствам”. Людзі робяць праекты дзеля праектаў, а не дзеля рэалізацыі нейкіх канкрэтных палітычных захадаў і мэтаў.

Я лічу, што беларускім бізнесоўцам, якім неабыякавы лёс краіны і будучыня, варта было б стварыць сваю фундацыю. Фонд, з якога маглі б фінансаваць дзейнасць палітычных ці інфармацыйных структур. Гэта былі б не замежныя, а беларускія грошы тых людзей, якія б хацелі змяніць сітуацыю ў Беларусі. Тады была б значна лепшая і якасная празрыстасць і адказнасць у дзеяннях тых ці іншых структур. Гэта быў бы сур’ёзны фінансавы і эканамічны інструмент у будучыні. Гэта б паказала, наколькі беларускі бізнес гатовы ўвайсці ў працэс транзіту.

Другой крыніцай фінансавання могуць быць так званыя складкі, узносы. Калі беларусы лічаць, што “ёсць свой рух, свая партыя, давайце будзем гэтую партыю фінансаваць”. Так функцыянуюць усе партыі, усе прафсаюзы ва ўсім свеце. І вось з аднаго боку ўласныя складкі, а з другога — беларускі нацыянальны бізнес, які стварае фінансавы інструмент для рэалізацыі палітычных праектаў, — рэзюмуе палітолаг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі