Ці пасадзяць ва Украіне ветэрана за баявую ўзнагароду на 5 гадоў?

АНТ прысвячае ток-шоў украінскаму закону пра асуджэнне камуністычнага і нацысцкага таталітарных рэжымаў і забарону прапаганды іх сімволікі. Асаблівае абурэнне выклікае факт крымінальнай адказнасці за “выраб, распаўсюд і публічнае выкарыстанне сімволікі” гэтых рэжымаў.

“У законе дакладна прапісана, што калі вы выйдзеце на вуліцу з узнагародамі, якія атрымалі падчас Вялікай Айчыннай вайны, то гэта будзе прапаганда таталітарнага савецкага рэжыму, і вы атрымаеце да 5 гадоў пазбаўлення волі”, — абураецца дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Валянціна Лявонава.

Ці сапраўды беларускі ветэран, які паедзе 9 траўня ў Кіеў да сяброў, рызыкуе атрымаць да 5 гадоў пазбаўлення волі за свае баявыя медалі? Бо ў “Параўнальнай табліцы” да Закона Украіны прапісаная такая норма — крымінальнае пакаранне за “дэманстрацыю” камуністычнай сімволікі.

І беларускія, і ўкраінскія ветэраны, ды і ўсе астатнія людзі, могуць спакойна насіць публічна свае ўзнагароды з савецкай сімволікай, і нічога ім за гэта не будзе, упэўнівае Еўрарадыё дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Ганна Раманава.

Ганна Раманава: “Для таго каб дзядулі і бабулі маглі спакойна выходзіць са сваімі ўзнагародамі на вуліцы і каб іх не пакаралі на 5 гадоў, мы на мінулым тыдні ўнеслі адпаведныя змены ў гэты закон. Змены такія, што індывідуальна — можна. Так што ветэран можа выйсці з ордэнам не толькі 9 траўня, а ў любы дзень — норма гэтая цалкам адмененая”.

А вось “за выраб і распаўсюд” пакаранне засталося нязменным, папярэджвае суразмоўца Еўрарадыё. Прычым адмененая норма пакарання за публічную дэманстрацыю тычыцца не толькі ветэранаў і іх баявых узнагарод — любы чалавек можа спакойна гуляць на вуліцы ў футболцы з, да прыкладу, надпісам “СССР” ці “КДБ”. Іншая справа, што гэта можа не спадабацца простым украінцам, папярэджвае беларусаў дэпутат Вярхоўнай Рады.

Ганна Раманава: “У нас хоць і талерантныя людзі, але быў выпадак у Чарнігаве, калі туды прыехала беларуская машына з “георгіеўскай стужкай” на антэне. І гэта падчас ваенных дзеянняў! Наша самаабарона “ветліва” спусціла колы гэтай машыне. І засталася чакаць ля машыны беларусаў, якія ў гэты час былі на закупах. Беларусы вярнуліся да машыны і былі шакаваныя. А ў іх пытаюцца: “Ведаеце, за што?” Выявілася, што госці з Беларусі нічога не ведалі пра тое, за што ў нас цяпер не любяць гэтыя стужкі! Ім усё патлумачылі, а потым сама ж самаабарона надзьмула колы іх машыны”.

Таму, кажа Ганна Раманава, хоць у законе гэта не прапісана, калі ва Украіну будзе ехаць беларускі аўтобус з намаляванымі на баках зоркамі, савецкімі ордэнамі ці “георгіеўскай стужкай”, то лепш іх заклеіць якім скотчам. Хаця б з павагі да пачуццяў украінцаў. 

Самае смешнае, што сцены і столь залы для галасавання самой Вярхоўнай Рады размаляваныя савецкімі зоркамі, сцягамі ды іншымі сімваламі “таталітарнага камуністычнага рэжыму”. “Будзеце скотчам заклейваць?” — цікаўлюся ў дэпутата. “Мы самі з гэтага смяёмся і фоткі з выявамі на сценах Рады ў сацсеткі выкладаем! Але што з гэтым будуць ці не будуць рабіць, трэба цікавіцца ў спікера Рады Гройсмана!” — са смехам адказвае Ганна Раманава. І перадае беларускім ветэранам, каб спакойна ехалі на травеньскія і любыя іншыя святы ва Украіну і не хавалі свае баявыя ўзнагароды ды іншую “камуністычную сімволіку” — ніякага пакарання за яе “публічнае выкарыстанне” не будзе.

                       Столь у Вярхоўнай Радзе Украіны

Фота: www.nadasuge.ru , Еўрарадыё, Відэа: АНТ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі