Ці паўплывае інцыдэнт са збітым СУ-24 на стварэнне расійскай базы ў Беларусі?
Інцыдэнт з расійскім бамбардыроўшчыкам на сірыйска-турэцкай мяжы павысіў градус напружання паміж Расіяй і Захадам. Ці не стане гэта падставай для стварэння на нашых землях расійскай авіябазы?
Беларускі палітолаг Юрый Шаўцоў выказвае меркаванне, што ў такой сітуацыі пакуль рана казаць пра базу ў Беларусі. Сірыйская сітуацыя стала настолькі важнай для Расіі, што нават быў адкладзены візіт Лукашэнкі ў Маскву, дзе нібыта і павінны былі абмяркоўвацца гэтыя пытанні. Калі эскалацыя вакол Сірыі пойдзе вельмі хуткімі тэмпамі, там будзе не да базы ў Беларусі.
Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін адзначае, што рашэнне аб базе будзе прымацца пад уплывам таго, наколькі вялікая будзе патрэба Беларусі ў грошах.
Цяпер мы ствараем бюджэт на наступны год, нагадвае эксперт. Пільна разглядаецца пытанне, колькі грошай краіна атрымае ад гандлю нафтапрадуктамі, што прымушае Мінск быць падатлівым патрабаванням Масквы. І цяпер рашэнне гэтай праблемы пераводзіцца ў эканамічную плоскасць.
Разам з тым, пэўны ўплыў на рашэнне мае і сітуацыя з крушэннем Су-24.
“Натуральна, пазіцыя NATO пакрыўдзіла Пуціна, бо ён мяркуе, што прыкрыўшы Турцыю (хоць толькі і на словах), яны зрабілі несправядлівую справу. Таму ў піку NATO, ён будзе “прасоўваць базу”. Мяркую, што Лукашэнка вымушаны будзе пагадзіцца… з-за нашай беднасці”, — выказвае меркаванне Алесін.
А вось палітолаг Інстытута міжнародных спраў Фінляндыі Аркадзь Мошас кажа, што падзеі з Су-24 не маюць ніякага ўплыву на будучыню базы, але канфрантацыйны характар адносінаў Расіі і Захаду ўплыў аказвае.
Пазіцыя NATO
Адразу пасля інцыдэнту прадстаўніцтва NATO заявіла, што знаходзіцца ў “цесным кантакце” з расійскімі і турэцкімі ўладамі. Кіраўнікі Германіі, Францыі і ЗША заклікалі Маскву і Анкару да стрыманасці.
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг пасля тэрміновага пасяджэння альянсу заклікаў да спакою і дээскалацыі.
Чаму Паўночнаатлантычны альянс заняў такую стрыманую пазіцыю?
Аляксандр Алесін мяркуе, што інцыдэнт з бамбардыроўшчыкам Су-24 быў загадзя спланаваны турэцкай авіяцыяй, “бо за 15 секунд, якія расійскі самалёт знаходзіўся над Турцыяй немагчыма не толькі правесці ўсю міжнародную працэдуру, якая неабходная для выдварэння самалёта з чужой тэрыторыі, але нават прыцэліцца і здзейсніць пуск ракеты”.
З-за гэтага NATO апынуўся ў вельмі складаным становішчы. З аднаго боку, альянс мусіў праявіць салідарнасць, з іншага — дыстанцыявацца ад Турцыі.
“Што тычыцца пункта пятага статута NATO, які прадугледжвае сумесную абарону, тут няма падставаў, каб яго задзейнічаць. Тут аналіз падзеяў паказаў, што Турцыя не падвяргалася агрэсіі і ёй не была патрэбная абарона NATO”.
З-за гэтага альянс і аддаў вырашэнне гэтай праблемы ў рукі Масквы і Анкары.
Галоўнае фота: cont.ws