Не толькі Марыупаль. Сціраць з твару зямлі цэлыя гарады — даўняя тактыка Расіі

Дзе Расія — там разбурэнні / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Дзе Расія — там разбурэнні / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Аблога Марыупаля працягваецца, але ўжо зразумела: горада практычна не існуе. Расія знішчыла большую частку будынкаў — гэта не кажучы пра тысячы загінулых мірных жыхароў. І гэта не адзінкавы выпадак за час уварвання ва Украіну: амаль сцёрты з твару зямлі горад Валнаваха, моцна разбураны Ірпень і іншыя населеныя пункты. І гэта не нейкая асаблівасць канкрэтна гэтай вайны. Расія за апошнія тры дзесяцігоддзі мэтанакіравана разбурыла не адзін горад. Еўрарадыё прадстаўляе кароткі экскурс у гісторыю ваенных злачынстваў расійскага войска. Вядома ж, няпоўны.
 

Выпаленая Чачня

Сярэдзіна і канец дзевяностых былі часам, калі вайна праходзіла ўнутры межаў Расійскай Федэрацыі. Гаворка пра дзве чачэнскія вайны. Іх у Маскве таксама называлі "аперацыямі", а прычынай, калі казаць максімальна проста, стала жаданне чачэнцаў стаць незалежнай дзяржавай.

Першы этап вайны праходзіў з 1994-га да 1996-га, другі — з 1999-га да 2000-га. І ў абодва вельмі моцна пацярпеў Грозны — сталіца рэгіёна.

Штурм Грознага ў першую вайну працягваўся з 31 снежня 1994-га да 6 сакавіка 1995-га. Толькі асабовага складу федэральных войскаў у ім удзельнічала больш за 15 тысяч чалавек. З іх, па афіцыйных звестках, амаль паўтары тысячы загінулі, больш за чатыры з паловай трапілі ў палон. Але страты з боку чачэнцаў былі яшчэ большыя — няхай і вялікай цаной, але федэральныя войскі паступова захоплівалі адзін участак у горадзе за другім.

Не только Мариуполь. Стирать с лица земли целые города — давняя тактика России
Грозны пасля штурму ў 1995-м / Getty Images

Суправаджалася ўсё авіяналётамі і ўдарамі артылерыі. Сумарна мірных жыхароў за час штурму Грознага загінула каля 27 тысяч чалавек — гэта агульнапрынятыя звесткі.

Міжнародныя выданні, у тым ліку BBC, паведамлялі пра тое, што расійская артылерыя без разбору абстрэльвала жылыя дамы. У справаздачах "Лекараў без межаў" паведамлялася пра тое, што "мірнае насельніцтва было свядома абрана ў якасці мішэні расійскімі войскамі". Адно з мноства пацвярджэнняў: у шэраг гарадоў перасталі пускаць гуманітарныя арганізацыі. І гаворка была не толькі пра Грозны, а пра многія населеныя пункты Чачні.

Адным з найбольш жудасных элементаў першага этапу вайны была "аперацыя" МУС РФ у Самашках. Гэта сяло за 30 кіламетраў ад Грознага было "зачышчана" за два дні ў красавіку 1995-га.

Не только Мариуполь. Стирать с лица земли целые города — давняя тактика России
Чачэнскія мужчыны з паднятымі рукамі перад расійскімі вайскоўцамі ў Самашках / Reuters

У выніку ў невялікім сяле загінула больш за 100 мірных жыхароў — гэта падлікі ААН. Міжнародны Чырвоны Крыж паведамляў пра 250 загінулых. Калі гаварыць як ёсць, то ў вёсцы адбылася карная аперацыя. Менавіта так называла тое, што адбылося, мноства крыніц. "Новая газета" і зусім пісала пра тое, што п'яныя расійскія салдаты спальвалі дзяцей і дарослых. Калі Грозны стаў прадвеснікам Марыупаля, то ў Самашках было амаль тое самае, што і ў Бучы.

Але цалкам скарыць Чачню ў першую вайну не ўдалося. У 1999-м пачалася другая, тады ўжо ў кіраўніцтве краіны быў Пуцін, а ў часе яе ён стаў выканаўцам абавязкаў прэзідэнта.
 

Другі заход

Грозны зноў штурмавалі. Зноў разбуралі будынкі практычна без разбору. І зноў ладзілі расправы над мірнымі жыхарамі. Адзін з самых крывавых эпізодаў — разня ў пасёлку Новыя Алды і прылеглых раёнах Грознага. Яе зладзілі падраздзяленні АМАП, у выніку загінулі дзясяткі чалавек.

Не только Мариуполь. Стирать с лица земли целые города — давняя тактика России
Грозны ў 2000-м / AP Photo

Паведамлялася пра жахлівыя выпадкі: забітыя былі аднагадовае немаўля і дзяўчына на дзявятым месяцы цяжарнасці, а, як пісала "Новая газета" са спасылкай на сведак, аднаму мужчыну адрэзалі галаву, а цела кінулі сабакам. АМАП наогул "вызначыўся" ў другім этапе вайны: у снежні 1999-га яны абстралялі калону ўцекачоў. І таксама казалі, што "ідуць вызваляць ад баевікоў".

Займаліся расійскія вайскоўцы і амапаўцы і рабаваннямі, згвалтаваннямі, выкрадалі людзей. Праваабаронцы кажуць, што за дзве чачэнскія вайны былі забітыя дзясяткі тысяч чалавек. Многія населеныя пункты давялося адбудоўваць у літаральным сэнсе з нуля.
 

"Сірыйскі Сталінград"

Расія "ўпісалася" ў грамадзянскую вайну ў Сірыі ў 2015 годзе, праз чатыры гады пасля яе пачатку. Сілам Башара Асада без дапамогі Масквы было, мякка скажам, нялёгка — давялося выклікаць на дапамогу Пуціна.

Больш за ўсё ў часе вайны пацярпеў Алепа. Да яе пачатку ў ім жыло больш людзей, чым у Мінску. А праз пяць гадоў — каля 300 тысяч.

Не только Мариуполь. Стирать с лица земли целые города — давняя тактика России
Алепа пасля бамбаванняў у 2016-м / Getty Images

У баях за горад актыўна дапамагалі расійскія сілы. Войскі Асада не вылучаліся цягай да выканання міжнароднага права — зрэшты, як і расіяне. Мэтанакіравана бамбілі ў тым ліку лякарні і школы. Было нават такое, што ў міжнародныя арганізацыі перадавалі, што па такіх і такіх каардынатах знаходзіцца лякарня, спадзеючыся, што па ёй не будуць пасля гэтага ўдараць. І ўсё было наадварот: потым прылятала ракета або бомба.

Цярпела і гісторыка-культурная спадчына. Напрыклад, аб'ект сусветнай спадчыны — цытадэль XII стагоддзя. Паводле звестак ЮНЕСКА, каля 22 аб'ектаў культурнай спадчыны было цалкам знішчана, 48 атрымалі сур'ёзныя пашкоджанні.

Не только Мариуполь. Стирать с лица земли целые города — давняя тактика России
Мячэць Амеядаў у Алепа ў канцы 2016 года / AFP

Ахвяры сярод мірных жыхароў зноў налічвалі тысячы, але задача ўзяць горад была вышэй за ўсё. Праз некалькі гадоў аблогі гэты этап сірыйскай вайны назвалі "сірыйскім Сталінградам".

Гэта самы гучны, але не адзіны выпадак удзелу расійскіх войскаў у разбурэнні сірыйскіх гарадоў і забойствах мірнага насельніцтва. Чаму менавіта забойствах?

Сярод сродкаў, якія выкарыстоўвалі расійскія вайскоўцы, былі касетныя боепрыпасы — гэта значыць невыбіральная зброя, прымяненне якой абмежавалі многія краіны, бо яна літаральна б'е па ўсіх, а не толькі па канкрэтнай ваеннай цэлі.

Роўна тое самае адбываецца цяпер ва Украіне. І міжнародны суд гэта цалкам можа назваць ваеннымі злачынствамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі