Ці ўратуе кантракт з Мінабароны Украіны ад турмы за наёмніцтва ў Беларусі

На Данбасе затрымалі дваіх беларусаў, якія накіроўваліся на акупаваныя сепаратыстамі тэрыторыі, каб далучыцца да баевікоў “ЛНР”. Як высветлілася, хлопцы хацелі ваяваць не з ідэйных меркаванняў, а каб зарабіць. Судзіць беларусаў украінцы не будуць — украінскія ўлады збіраюцца проста дэпартаваць іх у Беларусь.

Але вядома, што на Данбасе беларусы ваююць: як за Украіну ў батальёнах добраахвотнікаў, так і за сепаратыстаў. І такіх людзей беларускі КДБ ужо даўно папярэдзіў: ім пагражае крымінальная адказнасць за “наёмніцтва”.

Чытаем артыкул 133 Крымінальнага кодэкса пра наёмніцтва: “Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях асобы, якая не ўваходзіць у склад ўзброеных сіл ваюючых бакоў і дзейнічае ў мэтах атрымання матэрыяльнага ўзнагароджання без упаўнаважання дзяржавы, грамадзянінам якой з’яўляецца ці на тэрыторыі якога пастаянна пражывае караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў”.

Добра, вырашаюць у Кіеве, і распрацоўваюць законапраект, які мусіць абараніць замежнікаў ад крымінальнага пераследу на радзіме — аб дазволе замежнікам служыць ва ўкраінскім войску. Па словах дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны, былога камандзіра батальёна добраахвотнікаў “Міратворац” Андрэя Цецерука, законапраект ужо прыняты ў першым чытанні. Як толькі яго прымуць, то замежнік проста зможа падпісаць адпаведны кантракт з Міністэрствам абароны Украіны. Што павінна яго абараніць ад пераследу за наёмніцтва.

Андрэй Цецярук: “Гэта ж Узброеныя сілы дзяржавы Украіна! Гэта ж не нейкая прыватная армія, дзе яны выконваюць прыватныя задачы. Таму, вядома ж, у іх не будзе ніякіх праблем з законам”.

Калі казаць пра сам закон, то замежнікі ва ўкраінскай арміі будуць мець роўныя правы з грамадзянамі Украіны: такое ж забеспячэнне, такі ж заробак, такія ж ільготы. Адзінае, не маюць права займаць афіцэрскія пасады. Кантракт падпісваецца як мінімум на тры гады. За асаблівыя заслугі бонус — магчымасць атрымаць украінскае грамадзянства.

                                Андрэй Цецярук

Па словах дэпутата, як толькі закон пачне дзейнічаць, усім замежным байцам добраахвотных батальёнаў прапануюць падпісаць кантракт на працу з Мінабароны і вярнуцца на ранейшыя “пасады”. А калі нехта не пажадае ўзаконьваць свой статус?

Андрэй Цецярук: “Яму прапануюць здаць зброю, якая ў яго ёсць, і пакінуць тэрыторыю часткі альбо зону баявых дзеянняў. Ён будзе свабодным чалавекам і зможа альбо далей знаходзіцца ва Украіне, альбо паедзе дамоў”.

Здавалася б, такі закон — выйсце для тых беларусаў, якія не хочуць патрапіць пад крымінальны пераслед з боку беларускага правасуддзя. Але так толькі падаецца, ахалоджвае юрыст Тамара Сідарэнка. І звяртае ўвагу на словы ў артыкуле: “Удзел… ва ўзброеных канфліктах… без упаўнаважання дзяржавы, грамадзянінам якой з’яўляецца”.

Тамара Сідарэнка: “Гэта калі нашы яго туды пашлюць, то ніякага пераследу не будзе, а так — кантракт з тым міністэрствам абароны… Тут не важна: ёсць кантракт, ці няма. Важна — браў удзел ва ўзброеным канфлікце ці не? Чыста фармальна, калі ўзяць і пачытаць артыкул, то так — нельга ваяваць на тэрыторыі іншай краіны на чыімсьці баку, браць удзел у баявых дзеяннях”.

Іншая справа — доказы. Ну, падпісалі вы кантракт з украінскім Мінабароны, уладкаваліся на працу ва ўкраінскую армію, але дзе доказы, што ваявалі? Магла ж ваша частка стаяць тры гады ў лесе пад Львовам, да прыкладу? Відэа, дзе на перадавой пад Марыупалем адбіваеце атаку сепаратыстаў? Фальшыўка, зробленая ў… Расіі! Такая ж сітуацыя і з тымі, хто ваюе на іншым баку: “Паводле закона караюць тых, хто ваяваў “у мэтах атрымання матэрыяльнага ўзнагароджання”, а я ідэйны і грошы не браў!”

Тамара Сідарэнка мае больш за 20 гадоў стажу, але не прыгадвае, каб хаця б чула пра прымяненне гэтага артыкула. Верагодна, што скарыстацца ім давядзецца, толькі надта ўжо недасканалым і несучасным ён падаецца юрысту. І пакідае шмат пытанняў. Ну, калі афіцыйна працаваць за мяжой не забараняецца, і я знайшоў працу ў арміі Украіны, то як магу ўхіліцца ад удзелу ў баявых дзеяннях? Ці як даказаць, што атрымліваў грошы з казны “ДНР”, калі ў ведамасці не распісваўся ды і дзяржавы такой не існуе? Тым не менш, юрыст раіць асцерагацца крымінальнага пераследу на радзіме як тым, хто падпісаў афіцыйны кантракт на працу “дызелістам” у войску, так і тым, хто павязаны "георгіеўскай" стужкай, ведамасці не падпісваў/

У Следчым камітэце Беларусі ад каментарыяў па гэтай тэме адмаўляюцца і адпраўляюць  да Крымінальнага кодэкса — маўляў, там усё сказана…

Фота: belsat.eu 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі