Ці здольная апазіцыя падтрымаць уладу хаця б у пытаннях Крыма і мовы?

Нашы дэмакраты аднагалосна асудзілі анексію Крыма Расіяй. Але ж і кіраўнік Беларусі заявіў, што дэ-юрэ афіцыйны Мінск ніколі гэтага не прызнае. Апазіцыя даўно кажа пра занядбаны стан беларускай мовы. І Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з беларускімі парламентарыямі прапанаваў у школьных праграмах больш увагі аддаваць беларускай мове. Чым не нагода для кансалідацыі апазіцыі і ўлады?
 
Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька абураецца: калі для апазіцыі абодва гэтыя пытанні — пытанні каштоўнасцяў, то для Лукашэнкі — кан’юнктура. А як можна не тое што аб’ядноўвацца і кансалідавацца, але нават верыць кан’юнктуршчыку?
 
Анатоль Лябедзька: “Давайце пражывём некаторы час і паглядзім, як рыторыка Аляксандра Лукашэнкі будзе рэалізаваная на практыцы. Мы ведаем багата выпадкаў, калі агучвалася нешта прыемнае для вуха той ці іншай групы, таго ці іншага карпаратыву беларускага, а потым на практыцы аказвалася, што гэта зусім не так: не так зразумелі, не туды пайшло. Таму я б на сённяшні дзень не спяшаўся рабіць высновы”.
 
 
                                                  Анатоль Лябедзька
 
Згодны з лідарам АГП і намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
 
Рыгор Кастусёў: “Тое, што Лукашэнка зрабіў з беларускай мовай, культурай і з усім астатнім у Беларусі, адным словам пра тое, што трэба нешта змяняць, гэтую сітуацыю не выправіць ніколі. Я б падтрымаў яго адназначна, калі б ён на практыцы рэалізаваў свае памкненні ў адраджэнні беларускай мовы, беларускай культуры. На жаль, на практыцы мы гэтага не бачым. Ідзе далейшы заняпад, у гарадах няма беларускамоўных школ, няма такой ніводнай вышэйшай навучальнай установы. Так што гэта для мяне пустыя словы”.
 
 
                                       Рыгор Кастусёў
 
Не верыць палітык і ў шчырую падтрымку Лукашэнкам Украіны. Маўляў, і гэта ўсё не больш чым гульня на публіку ды страх страціць уладу, калі Беларусь апынецца на месцы Украіны. 
 
Яшчэ далей у сваім нежаданні хоць у нечым падтрымаць уладу ідзе лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў.
 
Уладзімір Някляеў: “Анексія Крыма, прызнаная ці не прызнаная Лукашэнкам, ніяк не ўплывае на тое, арыштуюць ці не заўтра Паўла Вінаградава. Тое, што ён дадасць дзве гадзіны вывучэння беларускай мовы ў школах, не гарантуе, што беларускага паэта Някляева не арыштуюць на вуліцы за тое, што ён размаўляе па-беларуску, і не будуць яму крычаць у вочы: “Разговаривайте на человеческом языке!” Таму нічога, апроч балбатні, у выказваннях сённяшняга кіраўніка краіны я не бачу і крычаць ад радасці, што вось, які ён малайчына і падтрымлівае Украіну гэтаксама, як і я, не магу”.
 
 
                                Уладзімір Някляеў
 
І толькі лідар Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч раіць “гаварыць праўду і хваліць улады тады, калі сапраўды ёсць за што”. А ў гэтым выпадку ёсць за што, упэўнены суразмоўца Еўрарадыё. Дый самой апазіцыі такая праўда пра ўладу пойдзе на карысць, практычна падыходзіць да пытання палітык. 
 
Аляксандр Мілінкевіч: “Так, улада недэмакратычная. Але прачынаючыся з раніцы, не трэба адразу думаць пра Лукашэнку, пра тое, што нас пабілі, што няма правоў чалавека і выбараў няма. Трэба думаць пра тое, што на карысць людзям. Значна лягчэй і працаваць будзе, і аптымізму будзе больш. Непрызнанне таго ж Крыма — гэта добра, добрыя крокі, трэба пра гэта шчыра казаць. Калі пераключыцца на літаральныя рэчы, то людзі ізноў скажуць: “Ім бы толькі да крэсла дабрацца, а як улада што добрае робіць, і мы так лічым, то ім усё роўна дрэнна”. І для іміджу на гэта трэба, і для таго, каб менш казалі, што палітыка — амаральная рэч”.
 
 
                          Аляксандр Мілінкевіч
 
Праўда, і Аляксандр Мілінкевіч раіць кіраўніку краіны падмацоўваць словы справай. І ў выпадку з беларускай мовай, і з падтрымкай Украіны ў сённяшнім канфлікце.
 
Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі