Ці змаглі сілавікі зламаць працу праваабаронцаў і грамадзянскіх актывістаў?
Апячатаныя дзверы БАЖ / Еўрарадыё
Раніца 16 лютага ў беларускіх праваабаронцаў, журналістаў і сябраў незалежных прафсаюзаў пачалася не з кавы. Сілавікі прыйшлі да іх у госці з ператрусамі, вынікам якіх стала канфіскацыя дакументаў і тэхнікі, апячатванне офісаў, а таксама некалькі затрыманняў.
Еўрарадыё даведалася, наколькі моцна людзі ў пагонах "зламалі" працу арганізацый з трэцяга сектара і як яны працуюць цяпер.
Пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр "ВЯСНА"
Намеснік старшыні ПЦ Валянцін Стэфановіч у размове з Еўрарадыё кажа, што сітуацыя цяпер складаная: "Не буду тут нічога хаваць: адбыўся такі рэйд, так бы мовіць, па шэрагу праваабарончых арганізацый, у тым ліку па "Вясне", па нашых регіянальных аддзяленнях. У выніку была канфіскавана і тэхніка, і некалькі нашых сябраў выклікаліся на допыты. Сябра рады Зміцер Салаўеў атрымаў 12 сутак арышту за бетонную “Пагоню” на сваім доме, якую ён восем гадоў назад вывесіў".
Стэфановіч лічыць, што гэта толькі першыя крокі. Ператрусы праходзілі ў межах крымінальнай справы па артыкуле 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), якую пакуль што ніхто і не думае закрываць.
"Я так разумею, што органы шукалі сляды магчымага фінансавання гэтых самых "групавых дзеянняў". Таму, ну што, зараз мы чакаем наступных крокаў. І гэта могуць быць і затрыманні ў межах крымінальных спраў, у якасці абвінавачваных ці падазраваных".
БАЖ
Сілавікі прыйшлі з ператрусамі ў офіс і дадому да супрацоўнікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева і Барыса Гарэцкага. У офісе забралі сістэмны блок і дакументы, агледзелі ўсе рабочыя месцы і шафы. Дзверы ў офіс БАЖ апячаталі.
Як расказвае намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі, работа арганізацыі цяпер вельмі запаволілася. Акрамя апячатанага офіса, арыштаваны рахунак, няма пячаткі і важных дакументаў.
"Зараз галоўная мэта — захаваць арганізацыю, захаваць тыя функцыі, якія мы выконваем. У нас вялікі адукацыйны блок заўсёды быў, і Беларуская асацыяцыя ганарылася адукацыйнымі праграмамі, важна, каб гэта ўсё засталося. Глабальна мы рыхтуемся да з’езда, які быў прызначаны на 16 красавіка. Гэта журналісцкі форум, пакуль не ведаем, у якім фармаце пройдзе. Не надта спрыяльны час для з’езда, але мы сваю канстытуцыю выконваем і будзем яе прытрымлівацца. І конкурс "Вольнае слова" днямі распачнём. У 2020 годзе была вялікая колькасць класных выдатных высакаякасных журналісцкіх матэрыялаў ад сябраў БАЖ".
Кур'ёзны момант — сілавікі чамусьці забралі з офіса Беларускай асацыяцыі журналістаў тэчку з заявамі на ўступленне ў арганізацыю. Калі іх аддадуць — невядома. Барыс Гарэцкі кажа, што тым, хто хоча ўступіць у БАЖ, прасцей падаць новыя заявы, "бо, магчыма, тэчку аддадуць няхутка".
"Офіс па правах людзей з інваліднасцю"
21 студзеня ДФР КДК "правёў праверку ў дачыненні да службовых асоб праваабарончай арганізацыі "Офіс па правах людзей з інваліднасцю". Ператрусы прайшлі як у офісе, так і дома ў бухгалтара, людзей, якія супрацоўнічалі з офісам. Канфіскаваныя дакументы і тэхніка.
Так работа "Офіса па правах людзей з інваліднасцю" фактычна сталася паралізаваная. Гарадскі тэлефон не адказвае, тэлефоны супрацоўнікаў — таксама. На кіраўніка арганізацыі Сяргея Драздоўскага завялі крымінальную справу, ён цяпер пад хатнім арыштам. А Алег Граблеўскі, юрыст арганізацыі, утрымліваецца ў ІЧУ на Акрэсціна.
Незалежны прафсаюз РЭП
У сярэдзіне лютага таксама з ператрусам прыходзілі ў РЭП. Генадзь Фядыніч, старшыня прафсаюза, расказаў, што арганізацыя цяпер працуе, але праца паралізаваная: "Офіс часткова дысфункцыянальны, таму што мы не можам замяніць і знайсці новую тэхніку ці бэушную, якую забралі. Забралі ў нас сем ноўтбукаў, восем цвёрдых дыскаў. Самае галоўнае, што нам не пакінулі копію пратакола, у якой павінны быць рэчы, якія адабралі. Цяпер пішам лісты, каб нам вярнулі копію пратакола.
Закрывацца не плануем. Мы прафсаюз, запатрабаваны людзьмі, да нас кожны дзень прыходзяць людзі. Будзем нешта думаць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.