Citigroup і Citibank больш не будуць працаваць з беларускімі еўрааблігацыямі
Мінфін шукае замену кангламерату Citigroup, які спыняе працаваць з беларускімі еўрааблігацыямі. Пра гэта заяўляе само міністэрства.
"Міністэрства фінансаў інфармуе аб тым, што Citigroup Global Markets Europe AG і Citibank, N.A., London Branch 7 ліпеня бягучага года абвясцілі аб спыненні сваёй дзейнасці ў якасці рэгістратара, фінансавага, плацёжнага і трансфернага агента ў дачыненні да еўрааблігацый Рэспублікі Беларусь. Гэтае рашэнне ўступае ў сілу на працягу 60 дзён. Цяпер Міністэрства фінансаў праводзіць працу па пошуку пераемнікаў названых арганізацый для ажыццяўлення аперацый з еўрааблігацыямі", — гаворыцца ў паведамленні Мінфіна.
7 ліпеня агенства Fitch заявіла пра зніжэнне даўгатэрміновага рэйтынга Беларусі ў замежнай валюце з узроўню "CCC" да "С" — гэта значыць, калі "дэфолт непазьбежны". Зніжэнне рэйтынга стала наступствам сумеснай пастановы Саўміна і Нацбанка аб тым, што плацяжы ў доларах ЗША па еўрааблігацыях будуць пераводзіцца ў беларускіх рублях на рахунак у "Беларусбанку". Доступ да рахунку можа атрымаць плацёжны агент. Гэта, на думку экспертаў, парушае дакументацыю па аблігацыях, якая не прадугледжвае разлікі ў альтэрнатыўных валютах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.