ЦВК не заўважыў недахопаў, якія б уплывалі на вынікі выбараў

Каля 120 скаргаў на вынікі галасавання падчас мясцовых выбараў паступіла ў выбарчыя камісіі. Але наўрад ці яны паўплываюць на канчатковы вынік. Пра гэта заявіла старшыня Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына на сустрэчы з журналістамі 28 сакавіка.



Ярмошына: “Асноўная актыўнасць ідзе не ад кандыдатаў (іх паскардзілася вельмі мала), а ад давераных асоб і ад назіральнікаў — тых, хто прысутнічаў на выбарчых участках. Але казаць пра сур’ёзныя недахопы, якія паўплывалі на вынікі выбараў, не даводзіцца”.



Найперш таму, што паводле заканадаўства абскарджваць вынікі галасавання можа кандыдат у дэпутаты, а менавіта ад іх скаргаў практычна няма. Да ўсяго, удакладняе Ярмошына, Цэнтравыбаркам практычна не ўдзельнічае ў разглядзе гэтых скаргаў. Іх падаюць у камісіі, якія кандыдата зарэгістравалі, а калі рашэнне камісіі іх не задаволіць, то ў вышэйшую камісію. Яе рашэнне з’яўляецца канчатковым. Тым не менш, старшыня ЦВК паабяцала, што ўсе скаргі, нават ад давераных асоб і назіральнікаў, будуць вывучаныя.



Нагадаем, выбары ў мясцовыя саветы прайшлі 23 сакавіка. На іх прагаласавала 77,4% выбаршчыкаў, з іх 32% — датэрмінова. Агулам у краіне абраныя 18 809 дэпутатаў мясцовых саветаў і даабраны 1 дэпутат парламента.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі