Да канца вайны ва Украіне полк імя Каліноўскага не будзе займацца палітыкай
Да канца баявых дзеянняў ва Украіне полк імя Кастуся Каліноўскага не будзе займацца палітыкай і ствараць нейкія палітычныя суб'екты. Пра гэта ў стрыме ў тг-канале батальёна "Волат" ПКК распавёў начальнік штабу батальёна з пазыўным "Марк".
"У нас няма ніякай залежнасці ні ад якіх офісаў і ні ад якіх арганізацый. Мы не залежым ад BySOL, ByPOL і г.д., і набор рэкрутаў таксама не залежыць ад іх сістэм. Ёсць людзі, якія траплялі ў наш полк пасля падрыхтоўкі ў сістэме ByPOL, але мы аднолькава прымаем і іх, і іншых добраахвотнікаў", — працягнуў адказваць на пытанні пра сувязі батальёна з палітычнымі структурамі беларускі добраахвотнік.
"Палітычныя погляды не мусяць замінаць людзям ваяваць. Не ведаю, падсвядома ці не, але мы нават не размаўляем пра гэта паміж сабой. Гэта не з'яўляецца цяпер істотным, і гэта не мусіць перашкаджаць нам змагацца, — дадаў падчас стрыму баец з пазыўным "Менавіта". — Ёсць партыі, ёсць палітычныя рухі, да якіх кожны баец мае права далучыцца. Я далучыўся да суполкі Зянона Пазняка "Вольная Беларусь", якая ўтварылася ў Кіеве. І ніхто мне не замінае гэта рабіць, як і любому іншаму байцу. Як і казаць, што "Света — мой прэзідэнт".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.