Дачка дэпутата Савіных, які крытыкуе Захад, жыве і працуе ў Вялікабрытаніі

Андрэй Савіных

Андрэй Савіных / Еўрарадыё

Дачка дэпутата Андрэя Савіных, які называе Захад агрэсіўнай цывілізацыяй, жыве і працуе ў Вялікабрытаніі.

Увагу на месца працы і жыхарства 34-гадовай Лізаветы Савіных звярнуў перформер Уладзіслаў Бохан. Ён прааналізаваў акаўнты Андрэя Савіных і яго жонкі, а потым адшукаў у сацсетках іх дачку. У яе акаўнце ў LinkedIn пазначана, што навучалася яна ў Жэневе,  а працуе ў Лондане.

Мяркуючы па інфармацыі ў яе профілі ў LinkedIn, з верасня 2022 года і па цяперашні час Лізавета Савіных працуе менеджарам па распрацоўцы рашэнняў у галіне барацьбы з адмываннем грошай брытанскай фінансава-тэхнічнай карпарацыі Quantexa. Да гэтага яна 11 гадоў працавала ў буйным брытанскім банку HSBC.

Дарэчы, Уладзіслаў Бохан высветліў таксама, што нейкая Лізавета Савіных значыцца дырэктаркай кампаніі Canabel Limited, якая займаецца нерухомасцю ў брытанскім горадзе Лідсе.

Як высветлілі журналісты сайта "Зеркало", Лізавета Савіных мае брытанскае грамадзянства. Дырэктаркай кампаніі Canabel Limited яна стала ў жніўні 2022-га разам з грамадзянінам Канады Феліксам Антуанам Прэво Бурдаж. Пры гэтым адзначаецца, што Лізавета Савіных нарадзілася ў снежні 1988 года. Гэтая дата супадае з тымі звесткамі пра дату нараджэння, якія журналісты атрымалі ад аб'яднання былых сілавікоў BELPOL.

Дэпутат Савіных на пытанні "Зеркала" наконт ягонай дачкі адказваць адмовіўся. Каментар ад Лізаветы Савіных пакуль што таксама не атрымалі.

У кампаніі Quantexa беларускім журналістам заявілі, што ўцечкі інфармацыі ў Беларусь не асцерагаюцца: "У кампаніі Quantexa дзейнічаюць строгія правілы прыёму на працу і праграмы навучання, якія гарантуюць, што ўсе чальцы нашай каманды будуць адпавядаць высокім стандартам этычнага паводзін. Наша кампанія валодае надзейнымі і эфектыўнымі сродкамі кантролю, якія забяспечваюць бяспечнае і надзейнае кіраванне любой канфідэнцыйнай інфармацыяй — тэхнічнай, стратэгічнай, асабістай — у адпаведнасці з нашымі дамоўнымі і нарматыўнымі патрабаваннямі".

Андрэй Савіных быў кадравым дыпламатам, але ў 2019 годзе стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Як дэпутат ён неаднаразова выступаў з крытыкай краін Захаду. Савіных заяўляў, быццам заходнія кампаніі падштурхнулі Расію да пачатку вайны. Захад ён называе агрэсіўнай цывілізацыяй і вінаваціць у вымыванні каштоўных кадраў з Беларусі.

Савіных у снежні 2022 года трапіў у "чорны спіс" Польшчы, але ў еўрапейскім санкцыйным спісе яго няма.

Еўрарадыё тасама распавядала, што дачка дзяржаўнага прапагандыста Андрэя Мукавозчыка жыве і працуе ў ЗША.

Дачка дэпутата Савіных, які крытыкуе Захад, жыве і працуе ў Вялікабрытаніі
Лізавета Савіных / linkedin.com/in/elizavetasavinykh

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі