Даклад ААН аб правах чалавека ў Беларусі: "Сітуацыя поўнай беспакаранасці"
У Беларусі працягваецца ціск уладаў на апанентаў, грамадзянскую супольнасць, журналістамў і адвакатаў. Гэта прывяло да парушэння асноўных правоў дзясяткаў тысяч жыхароў краіны і да неспрыяльных наступстваў у жыцці вялікай колькасці іншых людзей. Пры гэтым няма ніякіх сведчанняў, што злачынцы прыцягнутыя да адказнасці, гаворыцца ў дакладзе ўпраўлення ААН па правах чалавека, апублікаваным сёння.
У дакуменце разглядаецца становішча з правамі чалавека ў Беларусі — з перыяду да выбараў 9 жніўня 2020 года і потым да 31 снежня 2021-га. Ён грунтуецца на 145 апытаннях відавочцаў, а таксама на аналізе інфармацыі і доказаў з шырокага кола крыніц.
“Відавочна, што арышты пераважна праводзіліся выпадковым чынам, і што сілы бяспекі пераследавалі і ўціхамірвалі ўсіх, хто ім трапляўся. Акрамя таго, людзі без апазнавальных знакаў і ў масках удзельнічалі ў гвалтоўным разгоне пратэстаў, ствараючы атмасферу страху і беззаконня", — адзначаюць аўтары дакладазе.
Ад траўня 2020 года па травень 2021-га ў Беларусі было арыштавана не менш за 37 000 чалавек. Многія з іх атрымалі адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 сутак. Сярод іх толькі ў перыяд з 9 па 14 жніўня адвольна арыштаваныя і змешчаныя пад варту былі каля 13 500 чалавек.
У дакладзе гаворыцца, што беларускія сілавікі сістэматычна ўжывалі катаванні і неналежнае абыходжанне ў дачыненні да апанентаў улады. Многія пацярпелыя баяліся падаваць скаргу, а пададзеныя скаргі былі адхіленыя. Да канца 2021 года 969 чалавек сядзелі ў турме па палітычна матываваных абвінавачваннях.
Таксама аўтары даклада згадваюць ціск на грамадзянскую супольнасць і СМІ. Да кастрычніка 2021 года былі зачыненыя 270 няўрадавых арганізацый, а да канца таго ж года 32 журналісты былі арыштаваныя і 13 СМІ абвешчаныя "экстрэмісцкімі".
"Маштабныя і паўтаральныя дзеянні ўладаў па здушэнні нязгодных і грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і апазіцыйных груп, паказваюць на сітуацыю поўнай беспакаранасці ў Беларусі", — канстатуе Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.