Дамову з Беларуссю аб зніжэнні кошту віз ЕС можа падпісаць на саміце ў Рызе

У Еўрасаюзе спадзяюцца, што дамовы наконт змяншэння кошту шэнгенскіх віз для беларусаў і аб рэадмісіі атрымаецца падпісаць падчас саміту Усходняга партнёрства, які пройдзе ў канцы траўня ў Рызе. Пра гэта Еўрарадыё даведалася ад дасведчанай крыніцы ў Еўрапейскай службе знешнепалітычнай дзейнасці. Пры гэтым, суразмоўца Еўрарадыё адзначыў, што перамовы з беларускім бокам па візавым пытанні праходзяць даволі складана.

"Для перамоваў па візавым пытанні з Беларуссю быў прыняты адмысловы мандат. Ён адрозніваецца ад тых мандатаў, якія мелі нашы прадстаўнікі падчас перамоваў аб лібералізацыі візавага пытання з іншымі пяццю краінамі-сябрамі "Усходнага партнёрства”. І беларускі бок адразу звярнуў на гэта нашу ўвагу. Але справа ў тым, што мы хочам аблягчэння візавага рэжыму найперш для грамадзян Беларусі, а не для беларускіх чыноўнікаў. І ў гэтым сёння палягае супярэчнасць. Спадзяюся, гэтае непаразуменне будзе вырашана шляхам перамоваў — мы працуем над гэтым. І спадзяемся, што да саміта ў Рызе нам удасца знайсці паразуменне і падрыхтаваць дакумент да падпісання”, — сказаў Еўрарадыё прадстаўнік Еўрапейскай службя знешнепалітычнай дзейнасці.

Паводле інфармацыі Еўрарадыё, беларускі бок настойвае, каб ужо зараз былі адмененыя візы для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў. Але мандат, выпісаны ЕС сваім прадстаўнікам на перамовах з Беларуссю, гэтага не прадугледжвае.


Закраналася падчас размовы і пытанне, хто можа прадстаўляць Беларусь на саміце ў Рызе. Нагадаю, днямі прадстаўнік МЗС Латвіі заявіў, што яны разлічваюць “на самы высокі ўзровень беларускага прадстаўніцтва”.


Па словах суразмоўцы Еўрарадыё з Еўрапейскай службы знешнепалітычнай дзейнасці, еўрапейцам “давядзецца падыскутаваць наконт таго, які ўзровень беларускага прадстаўніцтва будзе адпавядаць рыжскаму саміту”. Калі ж казаць пра магчымасць прыезду ў Рыгу кіраўніка Беларусі, то, па словах еўрапейскага чыноўніка, “гэта той выпадак, калі ім цяжка будзе прыйсці да пагаднення”.

“Мы шмат будзем улічваць падчас гэтай дыскусіі, але і Лукашэнку трэба шмат ўлічваць. Так, яго роля ў спробе ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне прымусіла нас па іншаму паглядзець на кіраўніка Беларусі. Тым не менш, сітуацыя з палітзняволенымі ў вашай краіне, якая цягнецца ўжо шмат гадоў, прымусіць нас шмат што праглынуць, цяжка ўздыхнуць, перш, чым сесці за адзін стол з Лукашэнкам. Лукашэнку даволі лёгка паслаць нам адпаведны сігнал: вызваліць усіх палітзняволеных. І мы гатовы прыняць гэты сігнал”, — заявіў суразмоўца Еўрарадыё.


Па яго словах, сёння і для ЕС, і для Беларусі вялікае пытанне — хто паедзе на саміт Усходняга партнёрства ў Рыгу. Да яго застаецца не так шмат часу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі