“Даната ў класе рускай мовы ў час, калі адбыўся напад на настаўніцу, не было”

“Даната ў класе рускай мовы ў час, калі адбыўся напад на настаўніцу,  не было”

Сваё “расследаванне” па справе нападу на настаўніцу ў сталічнай гімназіі №74 праводзіць былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Грунтуючыся на даступных яму матэрыялах, Аўтуховіч заяўляе: Даната падставілі, ён не нападаў на настаўніцу ― яго ўвогуле не было на месцы злачынства ў той момант, калі яно здаралася. Пра тое, чаму ён прыйшоў да такіх высноў і пра тое, якія “надапрацоўкі” следства выявіў падчас свайго расследавання, Мікалай расказвае Еўрарадыё.

 

Даведка Еўрарадыё: Трагедыя ў сталічнай гімназіі №74 адбылася 23 траўня 2016 года. Згодна з афіцыйнай версіяй, падазраваны дзевяцікласнік Данат С. зайшоў у клас каля 8.20 раніцы, закрыў за сабой дзверы і напаў на 57-гадовую настаўніцу рускай мовы і літаратуры, нанёсшы у вобласць жыццёва важных органаў 15 удараў вострым прадметам і два ўдары тупым. Следства па справе цягнулася амаль 9 месяцаў. Хлопцу далі восем гадоў калоніі.

 

Еўрарадыё: Што вас звязвае з сям’ёй Даната, чаму вы вырашылі праводзіць сваё расследаванне гэтай справы і на падставе якіх дакументаў?

 

Мікалай Аўтуховіч: З гэтай сям’ёй мяне нічога не звязвае ― сачыў за справай гэтак жа, як і астатнія. Бачыў паводзіны бацькоў Даната: яны да апошняга спадзяваліся на тое, што суд разбярэцца, сына апраўдаюць, і таму ўвесь час маўчалі ― амаль не размаўлялі з журналістамі. А ў выніку бачыце як атрымалася ― хлопцу далі восем гадоў. Потым так атрымалася, што да нас патрапілі аўдыёзапісы ўсіх судовых пасяджэнняў па гэтай справе. Якія, як вядома, былі закрытымі. Праслухаўшы запісы, можна зразумець, чаму працэс быў закрытым: у абвінавачвання супраць Даната ёсць толькі словы пацярпелай настаўніцы ― усё астатняе “за вушы прыцягнутае”. Я ў калоніях і турмах троху хапнуў юрыдычнай адукацыі і я бачу, што там нічога няма: ні экспертызы добрай, ні следчага эксперыменту, які абавязкова павінен быў быць, ні схемы гэтай школы з пахвілінным маршрутам Даната: як ён хадзіў, дзе, ці мог у тым класе апынуцца ў той час? Мы правядзем следчы эксперымент з манекенам у адпаведнасці з расповядам настаўніцы. Але ўжо цяпер я магу сказаць: так, як нам расказваюць, не магло атрымацца.

 

Еўрарадыё: Ці патрапілі да вас нейкія матэрыялы следства?

 

Мікалай Аўтуховіч: Не ўсе, але ёсць ― родныя ж рабілі копіі справы. Але і па іх заўважныя розныя парушэнні. Да прыкладу, па здымках бачна, што мэблю ў пакоі, дзе адбылася трагедыя, некалькі разоў перастаўлялі. А гэтага нельга была рабіць. Альбо, настаўніцу, якая бачыла, як з класа, дзе ўсё адбылося, выглядвала дырэктарка школы, дапытвалі шэсць гадзін. Уявіце: адну настаўніцу ― шэсць гадзін! З запісу вынікае, што яны хацелі дамагчыся, каб настаўніца памяняла свае паказанні, што яна памылілася і што яна Даната не бачыла. Але тая ўпарта адказвае, што бачыла Даната ў такі час, потым бачыла, як дырэктарка выглядвае з класа: нікога не паклікала, яе ўбачыла, і зноў дзверы зачыніла.

Гэтыя два чалавекі: дырэктарка і парэзаная настаўніца дакладна ведаюць, што там на самой справе адбылося.

 

Еўрарадыё: Ну, у тым што гэта ведае пацярпелая настаўніца, нічога дзіўнага…

 

Мікалай Аўтуховіч: Але і дырэктарка ведае. Там усё адбываецца неяк не так, як трэба. Калі чалавека парэзалі, то трэба імгненна “хуткую” выклікаць, крычаць: “Людзі, дапамажыце!”. А яны шэсць хвілін нічога не робяць, пра нешта раяцца, перш чым дачцэ пацярпелай патэлефанаваць. Але тут больш важна тое, што супраць Даната нічога няма. Кроў, якую на яго адзенні знайшлі? Глядзіце: міліцыянеры, якія туды першыя прыехалі, у гімназію, дапамагалі пацярпелай: пераносілі яе, садзілі і, адпаведна, былі ў крыві. І калі бацька Даната пытаецца, ці дакраналіся яны да яго сына, калі яго абшуквалі, тыя адказваюць, што Даната не абшуквалі. Кажуць, нягледзячы на тое, што яны забіралі ў хлопца тэлефон, нататнік, плэер. Да ўсяго, бацька Даната, хірург-імплантолаг па прафесіі, адразу паглядзеў на манжэты, рукі, чаравікі ― ці ёсць дзе кроплі крыві. Але нічога не знайшоў. А амаль праз год бацькі даведваюцца, што на манжэце кашулі раптам з’явілася адна плямка крыві.

“Даната ў класе рускай мовы ў час, калі адбыўся напад на настаўніцу,  не было”
Фота Мікалая Аўтуховіча з сацыяльных сетак, у якіх зявілася старонка ў падтрымку Даната

Еўрарадыё: Што яшчэ вас у гэтай справе здзіўляе?

 

Мікалай Аўтуховіч: Нож і парэзы. На гэта звяртае ўвагу і бацька Даната, як хірург. А там, у настаўніцы ўсе парэзы глыбінёй на адзін міліметр. А гэта можна зрабіць як? Калі да цела прыкласці канцылярскі нож і правесці, то менавіта такі парэз і атрымаецца. Адсюль падазрэнні, што гэта яна альбо сама зрабіла, альбо ― такім чынам яе нехта катаваў. І сляды крыві на сцяне такія, нібыта яна сядзела каля сцяны альбо ляжала. Можа, так вось праводзілі нажом і дапытваліся. Але гэтым нажом не махалі, як яна сцвярджае. Калі такім нажом па целе махнулі, то можна было б артэрыі парэзаць. Сама ж настаўніца казала, і нават намалявала зусім іншы нож ― падобны да “фінкі”, з наборнай ручкай.

 

Еўрарадыё: А прызнанне Даната?

 

Мікалай Аўтуховіч: У нас ёсць сведчанне псіхолага, які хадзіў да яго на наступны пасля затрымання дзень, ён кажа родным: “Я Даната не пазнаю ― ён пад нейкімі псіхатропамі”. Але такі стан можа быць з-за іншага, маці кажа, што яго вельмі цяжка дабудзіцца. А ўявіце, калі такога чалавека, які толькі патрапіў у СІЗА, восем разоў на гадзіну будзяць, і то адбіткі пальцаў бяруць, то на допыт вядуць ― там чатыры чалавекі яго дапытвалі. Чалавека змучалі, і ён потым бацьку казаў: “Памятаю, што нешта пісаў, мне дыктавалі, казалі, што так будзе лепш, але што пісаў ― не памятаю”.

 

Еўрарадыё: Калі Данат тут ні пры чым, то пытанне ― што там такое здарылася?

 

Мікалай Аўтуховіч: Была нейкая разборка. Адна з настаўніц на судзе казала, што пацярпелая раніцай прыйшла ў школу і нешта пра грошы крычала настаўніцы малодшых класаў. Маці аднаго з вучняў была ў гэты час у класе і ўсё гэта чула ― мы яе цяпер шукаем. Дык вось, у той момант, калі адна настаўніца перадавала грошы, а пацярпелая нешта ў сшытак запісвала, Данат праходзіў па калідоры побач і ўсё гэта бачыў ― дзверы былі адчыненыя. А потым там дырэктарка школы аднекуль з’явілася. Карацей, шмат наблытана. Да ўсяго, стала вядома, што пасля трагедыі пацярпелая атрымала ад прафсаюза сто мільёнаў рублёў, хоць членам прафсаюза яна не была ― яе туды “заднім” чыслом запісалі. Але з гэтым хай следства разбіраецца, калі пажадае. Галоўнае, каб хлопца вызвалілі, бо не толькі доказаў грунтоўных супраць яго няма ― яго ў тым кабінеце ў той час увогуле не магло быць! У гэтым можна ўпэўніцца, калі правесці эксперымент, і прайсці там, дзе яго бачылі сведкі. Сама ж пацярпелая цягам суда разоў шэсць мяняла свае паказанні ― гэта на запісе добра чуваць.

 

Еўрарадыё: Тады, чаму Данат?

 

Мікалай Аўтуховіч: Бо яго прыблізна ў той час бачылі ў калідоры. Ён не ведаў, што першы ўрок адмянілі, прыйшоў у школу і бадзяўся па калідорах ― прайшоў побач з кабінетам, дзе была пацярпелая настаўніца, сустрэў настаўніцу французскай ― пагаварыў з ёй, знайшоў сябра ― пашлі разам на стадыён… І калі яго знайшлі, то ён быў у спортзале на ўроку фізкультуры: чысты і цалкам спакойны. І ён спакойна ідзе па выкліку ў клас, дзе адбылося здарэнне.

 

Еўрарадыё: Вы кажаце, што і далей будзеце праводзіць сваё расследаванне ― на які вынік разлічваеце?

 

Мікалай Аўтуховіч: Мы хочам даказаць, што адбывацца ўсё так, як кажа пацярпелая настаўніца, не магло. Таму будзем і свой следчы эксперымент праводзіць, і маршрут Даната па школе па часе раскладзем. Будзем дамагацца, каб прысуд адмянілі і разабраліся ў тым, хто гэта на самой справе з настаўніцай рабіў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі