“Дарожка” Івана Кірчука — захапленне без моўных межаў (фота)

Музыка і фалькларыст, заснавальнік этна-трыа “ТроіцаІван Кірчук прадстаўляе праграму “Дарожка мая…”, якую рыхтаваў да свайго 55-годдзя амаль год. Па словах аўтара — гэта шлях чалавека ад нараджэння да перахода ў іншы свет. Яна складаецца з 12 рытуальных частак: “Анёл-Ахоўнік”, “Залатыя ключы”, “Розгары”, “Вадзіца-царыца”, “Чары”, “Вогненная рака”, “Рай”, “Божы дар”, “Пані Усяго Свету”, “Зямля-Маці”, “Ігрышчайка" і "Продкі”.

Праўда, паглядзець на без перабольшвання тэатральную монапастаноўку збіраецца да сораму мала людзей.

“Відаць, “Лістапад” адцягнуў увагу публікі, — са здзіўленнем кажуць наведвальнікі, як толькі заходзяць у залу Палацу культуры прафсаюзаў. — Дзіўна гэта! Так быць не мусіць!”

Матэрыялы для праграмы збіраюцца каля 10 гадоў. Уплывае на яе гучанне знаёмства з творчасцю ансамбля Пакроўскага, манера выканання рускага песеннага фальклору, дасканалае вывучэнне кожнага рэгіёну Расіі і ўмелае адлюстраванне гэтага на сцэне.

Падчас падрыхтоўкі “Дарожка мая… Іван Іванавіч ездзіць у этнаграфічныя экспедыцыі па рэгіёнах Беларусі, за ўласныя грошы набывае экспанаты для будучага музею. Безумоўна, ён шмат працуе з архівамі, гадзінамі слухае аўтэнтычныя спевы этнографаў. У выніку паўтары гадзіны праграмы публіка ў зале сядзіць з заплюшчанымі вачамі, некаторыя рухаюцца ў такт, нібы знаходзячыся ў рытуальным трансе. Нават, маленькія дзеці не шумяць, уважліва сочаць за дзеяй і толькі час ад часу прыўстаюць з месца, каб убачыць за якім музычным інструментам ці новай прыладай цягнецца Іван Іванавіч.

Спроба падлічыць колькасць інструментаў, выкарыстаных падчас выступу, аказваецца немагчымай. Дзесьці на дваццатым збіваешся, бо думкі не стрымліваюцца і ўносяцца ў чароўны абрадавы свет, створаны лідарам “Троіцы”.

“Я не зразумела кантэксту, не зразумела словаў, не зразумела, як усё ўбачанае звязваецца паміж сабой, але я ў захапленні, — кажа англічанка, якая прыехала на месяц выкладаць англійскую мову беларускім студэнтам і трапіла на канцэрт выпадкова, па іх запрашэнні. — Я ўвесь час лавіла сябе на думцы, што гэты чалавек трымае мяне і залу ў напружанні такі доўгі час. Адзін чалавек на сцэне выконвае столькі роляў, грае на такой колькасці музычных інструментаў, спявае такім чароўным голасам... Гэта патрабуе вялікага майстэрства, я ніколі такога нідзе не бачыла! Гэта было цудоўна, і для гэтых эмоцый мне не спатрэбілася разуменне дэталей!”.

Гучыць больш за 40 народных песень, сярод іх і ўжо знаёмыя аматарам “Троіцы”. Музыка перыядычна размаўляе з прысутнымі, жартуе, нібы наўмысна вяртаючы прыхільнікаў у рэчаіснасць. Прапанова задаць пытанні, якія, маглі ўзнікнуць падчас пастаноўкі, заглушаецца апладысментамі... А што пытацца — гэта трэба перажыць!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі