Дарожнікі атрымалі 3 млн, але не адрамантавалі аўтадарогу ў Рэчыцкім раёне
Так выглядае траса пасля "працяглага капітальнага рамонту"
Дарожнікі атрымалі больш за 3 млн рублёў, але не адрамантавалі аўтадарогу ў Рэчыцкім раёне. Цяпер яны сталі фігурантамі крымінальнай справы аб "злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі".
Як паведамляе пракуратура Рэчыцкага раёна, пасля скаргаў у інтэрнэце на ямы на трасе М10 "мяжа РФ — Гомель — Кобрын" праводзілася праверка. Да таго ж высветлілася, што там за апошнія месяцы значна вырасла колькасць ДТЗ "з механічнымі пашкоджаннямі колаў транспартных сродкаў" (больш за 26). У выніку прычыны працяглага капітальнага рамонту ўчастка аўтамабільнай дарогі ўдалося высветліць.
Сцвярджаецца, што намеснік гендырэктара па будаўніцтве і начальнік службы па тэхнічным наглядзе за будаўніцтвам "Гомельаўтадара", дырэктар філіяла дарожна-будаўнічага ўпраўлення №17 "Дарожна-будаўнічага трэста №2 г. Гомеля" "з карыслівай і асабістай зацікаўленасці з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў арганізавалі складанне загадзя ілжывых афіцыйных дакументаў". Паводле іх, капітальны рамонт, які выконваўся ў межах дзяржаўнай праграмы, нібыта быў праведзены яшчэ ў снежні 2023-га. Гэтыя непраўдзівыя дакументы адправілі ў галоўнае ўпраўленне Мінфіна і атрымалі бюджэтныя грошы. Падкрэсліваецца, што "дзяржаве нанесены ўрон у асабліва буйным памеры".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.