Дар'я Домрачава сёння паўдзельнічае ў эстафетнай гонцы
У нямецкім Оберхофе у сераду стартуе 4-ы этап Кубка свету па біятлоне.
7 студзеня ў нямецкім Оберхофе стартуе чацвёрты этап Кубка свету па біятлоне. Ён распачнецца жаночай эстафетнай гонкай 4х6 кіламетраў. Жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале "Беларусь 2", пачатак у 16.10.
На сённяшні дзень у агульным заліку Кубка свету сярод жанчын лідыруе Кайса Мякярайнен з Фінляндыі, у якой 422 ачкі. На другім месцы Валянціна Семярэнка з Украіны — 328, на трэцім — беларуска Дар'я Домрачава (на здымку) — 306. Яшчэ адна беларуска — Надзея Скардзіна — займае 15-е месца, у яе 182 ачкі.
9 студзеня жанчыны паўдзельнічаюць у спрынце на 7,5 км, 11 студзеня — у гонцы з масавага старту на 12,5 кіламетраў.
Фота: ria.ru