“Даём рады” у пятніцу 13-га: “Ляпісы” — гурт года пасмяротна

У пятніцу 13 лютага на мінскі клуб Re:Public абрушваецца ўраган: 80 кілават гуку літаральна закладаюць вушы прыхільнікам добрай беларускай музыкі, якія прыйшлі ў гэты вечар на што гадовую прэмію Еўрарадыё "Даём рады". Трэці год запар мы ладзім фэст, падчас якога падводзім музычныя вынікі мінулага года, адзначаем лепшых музыкаў і прапануем канцэрт беларускага року з лепшымі беларускімі хэдлайнерамі. Сёлета прэмія супала і з міжнародным Днём радыё!

"Даём рады-2015": Як гэта было (відэа)

"Вось так збярэшся сыграць, а тут такія дзве нечаканкі — і "Дэбют", і "50 гадзін у студыі", — радуецца Ілля Паплёўка з гурта Haina, які сёлета адкрывае канцэрт. Нестандартны калектыў, які выкарыстоўвае толькі тры інструменты: барабаны, скрыпку і баян, уражвае драйвам і шчыльным рокавым гучаннем. Менавіта Haina атрымлівае статуэтку за “Дэбют-2014” ад Еўрарадыё, а ад студыі гуказапісу "Осмас" яшчэ і 50 гадзін працы ў студыі.

"Адной з прычын стварэння нашай студыі была дапамога музыкам. І дэбютанты — гэта акурат тыя людзі, якім патрэбная добрая дапамога. Мы, здаецца, з гэтым спраўляемся. У трэці раз праходзіць прэмія. І дэбютанты, і ўдзельнікі фэсту, я лічу, вельмі добра з намі стартанулі", — распавядае дырэктар "Осмаса" Павел Юрцэвіч. З дапамогай студыі "Осмас", ранейшыя дэбютанты прэміі “Даём рады” займелі выдатныя паўнафарматныя альбомы, якія парадавалі нас летась: Harotnica выпусціла па-мастацку аформлены дыск “Gvalt”, TonqiXod прадставіў дэбютнік “Pradmova”.

Тым часам Еўрарадыё аб'яўляе пераможцаў у наступных намінацыях: "Фестывалем-2014" становіцца "Мост", а "Праектам" — тэлешоў "Легенды. Live". У намінацыі "Сінгл/ЕР 2014" перамагае "Ag" "Серебряной свадьбы".

"Вельмі-вельмі прыемна атрымаць узнагароду, — кажуць стваральнікі лепшага, на думку Еўрарадыё, мінулагодняга праекта. — Увогуле, цудоўна, што такі прадукт выходзіць на агульнанацыянальным тэлебачанні, і закранае не толькі аўдыторыю тэлеканала. Напрыклад, ёсць гурт "Стары Ольса", выступ якога ў нашым праекце набраў амаль мільён праглядаў на Youtube. І вось 5 адсоткаў з іх — гэта жыхары ЗША. Прыемна, што мы робім прадукт, які цікавіць не толькі аўдыторыю тэлеканала, а цікавы ўсім. І тое, што Еўрарадыё дало нам узнагароду, гэта пацвярджэнне нашых слоў".

Працягваюць фестываль сэты "Мутнагавока" і "Разбітага сэрца пацана”, якія не выходзяць па ўзнагароды, але выдаюць порцыю свежых трэкаў і старых хітоў.

"Я згодная з меркаваннем Еўрарадыё наконт пераможцаў, хоць і не вельмі сачыла за тым, што адбывалася на сцэне, — прызнаецца шоў-вумэн і ўдзельніца дуэта "ЭВМ" Юлія Шаўчук. — Але я люблю Kasabian, Akute, якія ўзялі ўзнагароды. І за Памідорава рада, таму што ён здзейсніў подзвіг! Ну, а "РСП" увогуле мае родныя людзі, яны хоць і нічога не ўзялі, але яны малайцы, бо напісалі альбом. Я ўпершыню яго сёння чула. Мне цяжка пакуль сказаць, але мне даспадобы, што яны змяняюцца, становяцца больш дарослымі, і гэта добра, бо яны не стаяць на месцы".

Тым часам, дзеянне паступова падыходзіць да кульмінацыі. "Кліпам-2014" аб'яўляецца "Крот-Фронт" гурта The UNB, які, калі ўлічваць 105 выпушчаных альбомаў, упершыню атрымлівае ўзнагароду, да таго ж, за свой першы кліп і, больш за тое, упершыню наведвае фестываль.

"Фэст проста вышэйшы, — захапляюцца музыкі гурта. — Мы ўпершыню не толькі ў вас, а ўвогуле на фестывалі. Гурт у нас малады, перспектыўны. Мы знялі першы кліп і адразу атрымалі вышэйшую ўзнагароду. Альбомаў мы напісалі вельмі шмат, але пакуль нічога не атрымалі. А тут адразу першы кліп і першае гран-пры. Мы думаем, што наступным разам прыдумаем яшчэ нешта замест альбома і кліпа, можа, нейкую масавую форму мастацтва і зноў атрымаем гран-пры".

Натуральна, што мы не забываемся і пра "жартаўлівыя" намінацыі. Сёлета гучным "Расстаннем года" становіцца Аляксандр Памідораў (ён паспяхова расстаўся з лішняй вагой — Памідорава стала на 40 кіло меней), "Непатанаючай легендай" — Сяргей Міхалок (нават распад гурта з 20-гадовай гісторыяй не прымусіць Сяргея скласці рукі і ўпасці ў дэпрэсію), "Няспраўджанай надзеяй" — палёт гурта J:морс у Амстэрдам (музыкі далі канцэрт у самалёце Мінск-Амстэрдам, але галандскую сталіцу не ўбачылі, бо правялі ўвесь час ў аэрапорце).

На “Даём рады” другі год запар уручаецца ўзнагарода ў намінацыі “Еўрапейскі альбом”. Летась, напрыклад, узнагародзілі Franz Ferdinand. А фронтмэн шатландскай каманды Алекс Капранас звярнуўся да наведвальнікаў фэсту са словамі падзякі ў адмысловым відэазвароце. Сёлетніх пераможцаў, брытанцаў Kasabian з іх крутым альбомам 48:13, аб’яўляць прыехала з Варшавы наша дыджэй Ліза Кучаравая.

"Лепшым беларускім альбомам" становіцца "Рэальнасць і сны" Akute, якія, кажуць, што зусім не чакалі ніякіх узнагарод, а ехалі сыграць атмасферны канцэрт, як гэта звычайна бывае на "Даём рады", і паглядзець на гурт Trubetskoy: цікава ж! Акрамя таго, Akute радуюць абяцанай прэзентацыяй новай песні "Усё павернецца".

"Я лічу, што сёлета ў нас былі наймацнейшыя канкурэнты, і я не думаў, што можна патрапіць разам з імі ў намінацыю, бо мы ніколі сябе не запісвалі ў легенды і цяпер сябе так не адчуваем. Мне хочацца спаборніцтва. Як казала мая настаўніца па беларускай мове Вікторыя Вальдэмараўна, ты хочаш быць першым сярод дурных? Гэта не цікава! Будзь першым сярод разумных! Так што, Еўрарадыё сёння расставіла ўсё па сваіх месцах", — жартуе Раман Жыгараў.

Уладальнік рок-карон і легенда беларускага рока Лявон Вольскі атрымлівае статуэтку ў намінацыі "Сольны выканаўца 2014". А “Гуртом 2014” другі год запар і цяпер ужо дакладна ў апошні раз становіцца "Ляпіс Трубяцкі", які летась распаўся на мажорнай ноце на два абсалютна розныя і цікавыя праекты: Trubetskoy і Brutto.

"Для мяне "Ляпіс Трубяцкі" быў гуртом года. Мне прыемна, што так думаю не толькі я, таму што гэта шыкоўная гісторыя”, — смяецца былы прадзюсар гурта Яўген Калмыкоў, якія прыехаў на прэмію з В’етнама!

Да сэта Trubetskoy была павышаная ўвага. Гэта іх першы выступ у Беларусі. Да таго ж, многіх цікавіць, як песні “Ляпісаў” загучаць без Міхалка. Але ўжо ўступны рыф песні "К нам приехал Трубецкой" і ўсе астатнія хіты пакідаюць уражанне, што ніякай розніцы, ёсць Сяргей ці яго няма, не адчуваецца. Нязвыкла выглядаюць толькі паўзы паміж песнямі, у якіх мы больш не чуем гісторый з жыцця старажытнагрэчаскіх багоў. Новыя ж песні Trubetskoy абнадзейваюць. Пасля моцнай і экспрэсіўнай “Я бальны бескрыдлаты паэт” на верш Максіма Багдановіча хочацца верыць, што гурт хутка адіне шлейф мінулага і ўжо не будзе ўспрымацца як аскепак нечага больш важкага.

"Мы, як бачыце, усе цяпер у такім узнёслым стане, бо гэта быў наш першы паўнавартасны выступ ў Беларусі ў гэтым складзе, — кажа лідар Trubetskoy Павел Булатнікаў. — Было вельмі адказна, таму, натуральна, мы хваляваліся. Але мы, вядома, былі прыемна здзіўленыя тым, з якім пазітывам нашы прыхільнікі і прыхільнікі Еўрарадыё прымалі наш выступ. Гэта вельмі кранала. Да таго ж, гэта была вестка, знак таго, што народ крыху, можа, ўжо і стаміўся чакаць песні, якія ён любіць, хоць і ў новым складзе".

На выхадзе з клуба цікавімся ўражаннямі ў наведвальнікаў:

"Усе выканаўцы выдатныя, парадавалі ўсе выканаўцы, нават тыя, каго мы не ведалі. Мы адрываліся напоўніцу, — кажуць сяброўкі Каця і Воля. — Пры гэтым, "Трубяцкі" выступаў — гэта быў самы лепшы канцэрт. Упершыню былі на ім, і мы пад вялікім ўражаннем".

Валерый дадае:

"Вельмі шмат добрых каманд. Усё было вельмі здорава. Была добрая падборка каманд. Дзякуй "Трубяцкому", што ён да нас прыехаў".

Нехта робіць і такія прызнанні:

"Я ўсё дзяцінства чакаў, каб убачыць хоць нейкіх удзельнікаў гурта "Ляпіс Трубяцкі". Я іх сёння пабачыў. Можна сказаць з чыстай душой, што я самы шчаслівы чалавек на свеце. Акрамя гэтага я ўбачыў яшчэ шмат выдатных гуртоў: і "РСП", і Akute, і я вельмі ўдзячны арганізатарам, і ўвогуле ўсім людзям, якія сёння былі, за гэтую шалёную энергетыку".

Еўрарадыё дзякуе ўсім, хто прыйшоў на ўручэнне музычнай прэміі “Даём рады” за неверагодна цёплую і сяброўскую атмасферу, гуртам, якія стварылі свята, клубу, які ўсіх прытуліў, а таксама ўсім, хто дапамагаў! Да сустрэчы праз год!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі