Дэмантавалі больш за палову лагера вагнераўцаў пад Асіповічамі — Беларускі Гаюн
Вайсковы лагер пад Асіповічамі / Мінабароны Беларусі
У лагеры вагнераўцаў каля вёскі Цэль у Асіповіцкім раёне працягваецца актыўны дэмантаж намётаў, які пачаўся яшчэ 28 ліпеня, паведамляе "Беларускі Гаюн".
Напрыканцы ліпеня ў лагеры было 292 намёты, у тым ліку для гаспадарчых патрэб. Цяпер разабрана ўжо больш за 160, або 55%. Пасля апошніх спадарожнікавых здымкаў, зробленых 23 жніўня, дэмантавалі яшчэ больш за 60 намётаў.
Цяпер у лагеры ПВК "Вагнер" засталося каля 130 намётаў.
"Беларускі Гаюн" мяркуе, што дэмантаж звязаны з тым, што намёты апынуліся лішнімі. У чэрвені абвяшчалася, быццам у Беларусь прыбудзе 8-10 тысяч наймітаў. Пад гэтую лічбу будаваўся і лагер. Насамрэч іх колькасць была значна меншай.
Акрамя таго, частку наймітаў могуць перасяліць у казармы, размешчаныя ў вёсцы Цэль ды іншых месцах каля Асіповічаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.