Дэпартамент па авіяцыі абверг удзел "Белавіі" ў перавозцы нелегалаў

Самалёт "Белавіі" / airwaysmag.com​
Самалёт "Белавіі" / airwaysmag.com​

Нацыянальная авіякампанія "Белавія" ніколі не брала ўдзелу ў арганізацыі перавозак нелегальных мігрантаў, рашэнне ўвесці санкцыі супраць яе — абсалютна беспадстаўнае. Пра гэта заявілі ў Дэпартаменце па авіяцыі, паведамляе БЕЛТА.

Такім чынам у дэпартаменце пракаментавалі падрыхтоўку Еўрасаюзам пятага пакета санкцый супраць Беларусі, а таксама заяву вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля аб датычнасці "Белавіі" да арганізацыі нелегальнай перапраўкі мігрантаў у краіны ЕС.

Як паведамляла Еўрарадыё, Барэль правёў перамовы з іракскім бокам аб спыненні авіярэйсаў для нелегалаў у Мінск з Багдада.

Між тым у Дэпартаменце авіяцыі заявілі, што "Белавія" ніколі не выконвала палёты ў Ірак, а іракскія авіялініі пачалі палёты ў Беларусь у студзені 2017 года. 

"Грамадзяне Ірака прыбывалі ў нашу краіну ў складзе арганізаваных турыстычных груп, мелі на руках турыстычную візу і білеты туды-назад. Пры гэтым пасажыры іракскіх авіяліній у выпадку выяўлення парушэнняў не дапускаюцца на тэрыторыю Беларусі", — паведамілі ў дэпартаменце. 

Дэпартамент па авіяцыі і "Белавія" атрымлівалі мноства запытаў з Ірака, Ірана, Сірыі і Афганістана на адкрыццё рэгулярных і чартарных рэйсаў. Аднак беларускі бок адхіліў усе гэтыя прапановы, адзначылі ў дэпартаменце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі