Дэпутат: Бяры грамадзянства Украіны і ваюй хоць да страты пульсу!
Праваахоўныя органы Беларусі вырашылі ўзяцца за беларусаў — удзельнікаў канфлікту ва Украіне сур’ёзна. Прычым крымінальнае пакаранне можа напаткаць нават тых, каго не змогуць абвінаваціць па артыкуле “Наёмніцтва”. КДБ папярэджвае: дастаткова будзе факту, што чалавек быў у складзе ўзброенага фарміравання за межамі краіны.
“Былі прадуманыя і рэалізаваныя мерапрыемствы па ўдасканальванні нацыянальнага заканадаўства, і гэтыя ініцыятывы ўжо разглядаюцца ў парламенце Рэспублікі Беларусь з таго пункту гледжання, што любы выезд за мяжу для ўдзелу ў дзейнасці незаконных узброеных фарміраванняў зараз будзе разглядацца як супрацьпраўнае дзеянне, — заяўляе 19 лістапада ў праграме “Трэба разабрацца” на канале АНТ начальнік контртэрарыстычнага ўпраўлення КДБ Дзяніс Восіпчык. — Мы хочам даць дакладны сігнал, што вяртанне на тэрыторыю Беларусі ўдзельнікаў баявых дзеянняў не можа заставацца па-за ўвагай праваахоўных органаў. Зараз, у прынцыпе, гэтае пытанне (пакарання за ўдзел у баявых дзеяннях) будзе ў поўным аб’ёме вырашанае заканадаўцам — незалежна ад матываў выезду”.
Чакайце, але ў той жа дзень міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч у размове са мной сцвярджае: хоць МУС і пачаў збіраць матэрыялы па фактах удзелу грамадзян нашай краіны ў канфлікце на Данбасе, але не факт, што на ўсіх будуць распачатыя крымінальныя справы.
Ігар Шуневіч: “Калі следчыя прымуць рашэнне, што дастаткова прычын, каб пачаць крымінальную справу (па артыкуле “Наёмніцтва” — Еўрарадыё), тады толькі будзе прымацца рашэнне аб распачынанні справы. Калі такіх прычын будзе недастаткова, будуць праводзіцца дадатковыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, праверачныя дзеянні. Ёсць склад злачынства “Наёмніцтва” — усё канкрэтна прапісана ў нашым законе”.
Ігар Шуневіч
Чытаю закон: “Наёмніцтва — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях асобы, якая не ўваходзіць у склад узброеных сіл ваюючых бакоў і якая дзейнічае ў мэтах атрымання матэрыяльнага ўзнагароджання без упаўнаважання дзяржавы, грамадзянінам якой яна з’яўляецца альбо на тэрыторыі якога пастаянна пражывае — караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў”.
Для таго каб караць за “любы выезд за мяжу для ўдзелу ў дзейнасці незаконных узброеных фарміраванняў” і “незалежна ад матываў выезду” неабходна ўнесці праўкі ў заканадаўства. Прадстаўнік КДБ кажа, што пытанне гэтае “будзе ў поўным аб’ёме вырашанае заканадаўцам”, але ці ведаюць пра гэта самі заканадаўцы?
“Ён (начальнік контртэрарыстычнага ўпраўлення КДБ Дзяніс Восіпчык — Еўрарадыё) крыху прыспешыў падзеі. Бо з ініцыятывай аб унясенні зменаў у пэўны закон выступае альбо КДБ праз Савет міністраў, альбо прэзідэнта, які ўносіць на разгляд нейкія змены. Тады — так, будуць разглядаць, але пакуль такіх дакументаў не паступала”, — тлумачыць сітуацыю старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Валерый Гайдукевіч.
Па словах дэпутата, караць людзей, якія паехалі на Данбас, можна толькі ў адпаведнасці з артыкулам “Наёмніцтва”. Адзіная праблема: “віна няпроста даказваецца”. Але ў адказ на пытанне пра яго асабістае стаўленне да таго, ці трэба караць удзельнікаў баявых дзеянняў за мяжой нават у тым выпадку, калі грошы ім за гэта не плацілі (ну, ці калі гэты факт не быў даказаны), Валерый Гайдукевіч адказвае станоўча:
“Ён туды едзе для чаго? Яго ж ніхто туды не накіроўвае, ён грамадзянін Беларусі — за каго ён там ваюе? З якіх ідэйных меркаванняў? Якія ідэі беларускія ён там прапаведуе?”
Еўрарадыё: Адны кажуць, што, ваюючы за Украіну, яны ваююць і за Беларусь, іншыя — што бароняць “рускі мір”…
Валерый Гайдукевіч: Якая розніца? Яны грамадзяне якой краіны? Мяняй грамадзянства, бяры грамадзянства Украіны і ваюй хоць да страты пульсу! Ёсць закон, там усё прапісана, і калі парушаеш закон — адказвай. Але калі не дакажуць (што атрымліваў грошы за ўдзел у баявых дзеяннях — Еўрарадыё), значыць, будзе невінаваты — вось і ўсё. Вам жа ўчора міністр унутраных спраў гаварыў, і я з ім тут згодны: калі ёсць доказы — значыць, прыцягваюць да адказнасці, а няма — значыць, невінаваты, пашанцавала, на здароўе”.
Размова мая са старшынёй камісіі па нацбяспецы парламента завяршаецца наступнымі яго словамі: “Калі ёсць неабходнасць у змене адпаведнага заканадаўства — яны павінныя выйсці з ініцыятывай. Мы адназначна аператыўна разгледзім”.
Фота: Змітра Лукашука, zn.ua