Дэпутат: Няма стабільнасці вялікай, каб так ўжо давярацца і ўклады мець

Дэпутат: Няма стабільнасці вялікай, каб так ўжо давярацца і ўклады мець

У Нацбанку чакалі, што з-за прэзідэнцкага Дэкрэта №7 людзі забяруць свае грошы з банкаўскіх укладаў на суму тры трыльёны рублёў.

На пасяджэнні 3 снежня дэпутаты парламента ўхваляюць прэзідэнцкі дэкрэт "Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады”. Пакінем паза ўвагай той факт, што і без дэпутацкага ўхвалення Дэкрэт той дзейнічае ўжо тры тыдні — з 11 лістапада. Найперш паглядзім на вынікі яго трохтыднёвага дзеяння. Бо вядома, што падатак на ўклад кліентам банкаў не вельмі спадабаўся.

“Мы чакалі пэўнага адтоку ўкладаў насельніцтва, — прызнаецца першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Тарас Надольны.— Ацэньвалі прыблізна ў 10% па рэсурснай базе банкаў. Калі казаць пра тэрміновыя ўклады насельніцтва, то гэта каля трох трыльёнаў рублёў. Цяпер адток адбыўся менш, як на адзін трыльён. Можна сказаць з упэўненасцю, што нейкага ажыятажу па ўкладах насельніцтва на рынку пакуль не адбылося. Уклады ў замежнай валюце зменшыліся на восемдзесят мільёнаў долараў. А ўсяго ў нас валютныя ўклады фізічных асоб – восем мільярдаў”.

Нагадаю, прэзідэнцкі дэкрэт падзяліў уклады насельніцтва на тыя, якія можна адклікаць да заканчэння тэрміна вяртання ўкладу, і тыя, якія раней забраць нельга.

Вот, толькі гэта яшчэ не ўсё. Уклады могуць быць “кароткімі” — да года для рублёў і да двух гадоў у валюце. І яны сталі не выгаднымі.

Надольны: “Раней прыбыткі, якія атрымлівалі нашы ўкладчыкі, не абкладаліся падаткам — была льгота ў Падатковым кодэксе. Але з 1 красавіка 2016 года ўтрыманню падаходнага падатку з фізічных асоб падлягаюць адсоткавыя прыбыткі, атрыманыя ад фактычнага размяшчэння грошай на банкаўскіх рахунках і ўкладах на тэрмін, меншы за адзін год для беларускіх рублёў і два гады — для валюты”.

Не дзіва, што людзі ужо забралі ўкладаў на адзін трыльён рублёў і 60 мільёнаў долараў. Не, вядома, можна ўкладчыкам даводзіць, што класці грошы на дэпазіт на большы тэрмін — выгадней, што нічога з грашыма не здарыцца і гэтак далей, але…

Але ці вераць у гэта самі банкіры і дэпутаты? Да прыкладу, цікавімся, ці мае сам Тарас Надольны ўклад у банку і які. І што вы думаеце чуем у адказ? Не мае! Але калі б была магчымасць, то, кажа, паклаў бы беларускія рублі “мінімум на год, хаця б таму, што льгота па падаткаабкладанні будзе працягваць дзейнічаць”. А вось на большы тэрмін…

“Гэта справа выбару кожнага, — ухіляецца ад прамога адказы Тарас Надольны. — Дэкрэт дае магчымасць выбару. У нас павінна быць і адказнасць грамадзяніна за яго рашэнні. Абапірацца на нейкія мае рэкамендацыі, я думаю, што гэта абсалютна вам не дапаможа. У вас ёсць свой плацёжны каляндар, свой узровень прыбыткаў. У мяне, да прыкладу, па маіх мерапрыемствах так склалася сітуацыя, што я цяпер не трымаю ўкладаў. А так былі — у беларускіх рублях”.

Пасяджэнне скончылася, дэпутаты спяшаюцца з Авальнай залы па іншых справах, і я на бягу раблю апытанне на тэму “Ці маеце вы ўклады ў банку?”.

“Не, няма такой магчымасці”, — адказвае мне адзін з перахопленых народных абраннікаў.

“Без каментарыяў!”, — на бягу адказвае другі.

І толькі дэпутат-жанчына (калі не памыляюся, Валянціна Жураўская) крыху запавольваецца і адказвае на мае пытанні.

Дэпутат: Ну, трошку маю, у рублях…

Еўрарадыё: Не думаеце зняць, а то раптам спатрэбяцца грошы, а калі заўчасна здымаць, то давядзецца падатак заплаціць?

Дэпутат: Ведаеце, жывём у такі час — усё можа быць! І сёння казалі пра гэта ў парламенце, што рознае трэба прадбачыць. Як кажуць, сёння трэба ўсё праглядзець: і інтэрнэт, і газеты чытаць, і быць у курсе усіх-усіх спраў, якія робяцца ў нашай эканоміцы. Яна такая, будзем казаць, вельмі гнуткая і таму, на мой погляд, няма стабільнасці вялікай, каб так ўжо давярацца і такія ўклады мець.

Еўрарадыё: То, можа, сёння-заўтра пойдзеце ды свой уклад здымеце ад бяды далей?

Дэпутат: А можа, так і зраблю!

У Нацбанку вераць, што з дапамогай мер, прапісаных у Дэкрэце №7, знікнуць “банкаўскія спекулянты” — людзі, якія зараблялі на працэнтах ад кароткіх укладаў. І што беларусы навучацца браць на сябе фінансавую адказнасць і пачнуць рызыкаваць ды класці грошы на дэпазіты на доўгі тэрмін.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі