Для фанатаў “Гульні тронаў” пабудавалі гатэль са снегу і лёду
Фанатаў серыялу “Гульня тронаў” запрашаюць у гатэль SnowVillage (“Снежная вёска”) ў Лапландыі. Установа размешчаная за Палярным колам і ўсё ў ёй зроблена са снегу і лёду. Кожны год гатэль узводзяць наноў, калі ў лістападзе тэмпература паветра апускаецца да -10 градусаў. На ўзвядзенне патрабуецца прыкладна 20 мільёнаў кілаграмаў снегу і 350 тысяч кілаграмаў натуральнага лёду.
Сёлета гатэль адбудавалі ў 17-ы раз і аздобілі інтэр’еры ў тэматыцы “Гульні тронаў”. Напрыклад, там ёсць Жалезны трон.
У гатэлі 30 пакояў, ёсць бар, два рэстараны і дзве капліцы (адна з іх ледзяная). Тэмпература паветра ў пакоях трымаецца на ўзроўні прыкладна -2 градусаў. Кажуць, што калі апрануцца ў прыдатную зімовую вопратку, то ўмовы цалкам камфортныя. Усім гасцям выдаюць спальнікі з флісавай падкладкай. Ванныя пакоі тут агульныя і размяшчаюцца ў падземным памяшканні, якое ацяпляецца.
Нумар-сьют на дзве асобы каштуе 294 еўра ў суткі, на чатыры — 385 еўра. Звычайны пакой на адну асобу — 165 еўра ў суткі.