Для грамадзян Грузіі пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым з Еўрасаюзам
З 28 сакавіка для грамадзян Грузіі пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым з Еўрасаюзам. Пры наяўнасці грузінскага біяметрычнага пашпарту краіны ЕС (за выключэннем Ірландыі і Вялікабрытаніі, з якімі захаваецца візавы рэжым) змогуць наведаць жыхары Абхазіі і Паўднёвай Асетыі. У Шэгненскай зоне грузіны маюць магчымасць знаходзіцца да 90 дзён на працягу паўгода. Выкарыстаць гэтыя дні можна запар і з перапынкамі.
Як вядома, у Шэнгенскую зону ўваходзяць 22 краіны ЕС, 4 краіны, якія не з'яўляюцца чальцамі Еўрасаюза, а таксама 4 краіны-кандыдаты ў Шэнген. Краіны-чальцы: Бельгія, Германія, Данія, Іспанія, Эстонія, Італія, Латвія, Літва, Люксембург, Мальта, Нідэрланды, Польшча, Партугалія, Грэцыя, Францыя, Славенія, Славакія, Венгрыя, Фінляндыя, Швецыя, Чэхія; краіны, якія ў ЕС не ўваходзяць: Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Швейцарыя; краіны-кандыдаты: Балгарыя, Кіпр, Румынія, Харватыя.
Перамовы аб бязвізавым рэжыме ішлі паміж Грузіяй і ЕС з чэрвеня 2012 года. У лютым 2017-га за яго ўвядзенне прагаласавалі дэпутаты Еўрапарламента, адпаведнае рашэнне прыняў і Савет ЕС.
Як інфармуе kavkaz-uzel.eu, жадаючым паехаць у краіны Шэнгена грамадзянам Грузіі давядзецца адказваць на пытанні грузінскіх памежнікаў і памежнікаў у краінах Еўрасаюза адносна мэты паездкі, наяўнасці авіябілетаў, броні ў гатэлі, страхоўкі, грошай з разлікам 50 еўра на суткі.
Новаўвядзенне аднак не дае права грамадзянам Грузіі на працу ў краінах Еўрасаюза. Дарэчы, калі грузін не вернецца на радзіму праз 3 месяца, яго пачнуць шукаць улады Грузіі. Парушальнікаў бязвізавага рэжыму чакае дэпартацыя на радзіму, штраф у памеры 3 тысяч еўра і забарона на ўезд у ЕС на 5 гадоў.