“Для пратэстаў ёсць 364 дні. А Дзень Волі ў нас адзін”
Сапраўднае свята — гэта не толькі выступы музыкаў і смачныя пачастункі, але, у першую чаргу, людзі, якім гэтае свята патрэбнае. І ўсё атрымліваецца выдатна, калі мы ідзем святкаваць у добрым настроі, а па заканчэнні вяртаемся пад моцнымі ўражаннямі.
Дзень Волі, які ў Мінску адзначалі ў парку каля Тэатра оперы і балета, прайшоў пад знакам цёплых усмешак, выпадковых сустрэч з сябрамі, размоў ды разваг на актуальныя для ўсіх нас тэмы. Палітыка, праца, гісторыя, мова — ну а пра што яшчэ размаўляць людзям, якія жывуць у адной краіне, і якім, нарэшце, проста дазволілі сабрацца разам.
Вадзім Іосуб, старшы аналітык “Альпары”: Свята проста чароўнае. Цудоўнае надвор'е, людзі ўсміхаюцца. Я лічу, што ўсё атрымалася. На такіх святах не быў ужо недзе дзесяць гадоў. Нават цяжка з чымсьці параўнаць, калі шчыра. Нічога такога ў нас тут даўно ўжо не было. Арганізатары малайцы. Вельмі шмат знаёмых. Ні з кім не трэба адмыслова дамаўляцца на сустрэчу. Проста прыходзіш сюды і бачыш ўсіх сяброў — гэта выдатна.
Фёдар Паўлючэнка, журналіст: Дзякуй арганізатарам — столькі апаратуры, тэхнікі, ёсць фудкорты. Галоўнае тое, што прыйшло шмат людзей. Гэта вельмі прыемна! Натуральна, пляцоўка каля тэатра не самая лепшая, каб ладзіць на ёй такія маштабныя мерапрыемствы, але трэба ж з чагосьці пачынаць. Добрае свята атрымалася. Спадзяюся, будзем адзначаць яго і далей. Дарэчы, мне прыходзілася бываць на розных святах і акцыях. Многія памятаюць, напрыклад, як адзначалі Дзень волі дзесяць гадоў таму. Цяжка параўноўваць тое, што атрымалася ў гэтым годзе, і было раней, але шкада, што не абышлося без інцыдэнтаў. На плошчы Якуба Коласа затрымалі шмат людзей.
— Еўрарадыё (@euroradio) 25 марта 2018 г.
Павел Вінаградаў, актывіст: Разам з сябрамі прадстаўлялі на свяце прастору для гульняў “Кувалда”. Некаторыя гульні праводзілі ў рэжыме віртуальнай рэальнасці, таксама білі манеткі. Мы ўсе жудасна стаміліся, але было класна.
Анатоль Верабей, даследчык творчасці Уладзіміра Караткевіча: У мяне самыя добрыя ўражанні ад Дня Волі. Радуе, што прыйшло шмат моладзі, а таксама тое, што я пабачыў вялікую колькасць незнаёмых людзей. Раней хадзілі адны і тыя ж. Таму можна казаць, што свята атрымалася ўсеагульным і сапраўдным. Нават надвор’е паспрыяла.
Анатоль Лябедзька, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі: Сёння ў парк прыйшлі тысячы людзей — гэта выдатна. На маёй памяці ўжо шмат чаго было. І трыццацітысячныя маршы свабоды, якія мы ладзілі, і Чарнобльскія шляхі, і Дні незалежнасці. Але за апошні час нічога падобнага на сённяшняе свята не было. Чаму? Моладзь часта крытыкуе апазіцыю, асабліва тых, хто ў ёй шмат гадоў. Я разумею, мы прайгралі амаль усе маленькія сутыкненні з уладай. Гэта праўда, але мы выйгралі адну вялікую бітву — бітву за Беларусь. Сённяшняе свята гэта пацвярджае. Дарэчы, свае першыя суткі я атрымаў, калі удзельнічаў у акцыі, выходзіў з плакатамі “Жыве Беларусь”. Кідалі ў турму за тое, што ты гаварыў гэты лозунг”. Сёння ўлада скрала яго, замяніўшы “жыве” на “за”. Яшчэ улада казала, што наша гісторыя — 1994 год, пасля — Вялікая айчынная вайна, а цяпер яны дайшлі да 1918 года. Хто ведае, магчыма праз нейкі час Лукашэнка дойдзе да ВКЛ, княства Полацкага і гэтак далей. І гэта робім мы. Таму можна прайграць нейкія маленькія сутыкненні, каб пасля выйграць бітву за Беларусь, за Еўрапейскую Беларусь, за свабодную і вольную Беларусь. Калі атрымаецца, усе мы будзем адчуваць сябе грамадзянамі, даставаць пашпарт і ганарыцца тым, што мы з Беларусі. Была дыскусія — ладзіць свята каля тэатра ці арганізоўваць акцыю. На свята прыйшло некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, гэта сведчыць, што стратэгія была правільнай. Для пратэстаў ёсць час — 364 дні. Дзень Волі ў нас адзін.
Рычард Барысевіч, пенсіянер: Добрае свята, але я прыйшоў сюды, каб звярнуць увагу моладзі на адну вельмі важную тэму. Людзі, якія аб’явілі БНР, не баяліся нават смерці. Яны змагаліся за незалежнасць, не шкадуючы жыцця. За незалежнасць і цяпер трэба змагацца, тым больш, што смерць не пагражае. Цяпер класці жыццё на захаванне незалежнасці не трэба. Трэба быць актыўнымі — вучыцца не быць інфантыльнымі, не сядзець на цвіку і не думаць, мо, так і трэба. Структуры ўлады задушылі мову, культуру. А ў нас культура вялікая — цэлая глыба! Што тычыцца мовы, то Багушэвіч добра аднойчы напісаў “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”, згубіце мову — ужо не беларусы. Маладыя павінны памятаць, што ў іх жылах цячэ ліцвінская кроў і быць годнымі сваіх продкаў.