“Добраахвотнікаў няма, але з’явяцца”: настаўнікаў “просяць” скінуцца на дарогі
Настаўнікам з Баранавіч у добраахвотна-прымусовым парадку прапанавалі скінуцца на рамонт гарадскіх дарог. Частку заробку людзі павінны “ахвяраваць” у мясцовы фонд “Баранавічы — наша малая Радзіма”, які займаецца добраўпарадкаваннем гарадскіх вуліц і дарог. Акрамя настаўнікаў, паўдзельнічаць у зборы грошай прапанавалі рабочым мясцовых прадпрыемстваў.
Людзі абурыліся: куды ідуць падаткі, калі трэба дадаткова фінансаваць інфраструктуру? Еўрарадыё разбіраецца, што плануюць будаваць у Баранавічах і ці можна адмовіцца плаціць грошы ў мясцовы фонд.
Фонд, які спансуюць настаўнікі, з’явіўся пасля прыезду ў Баранавічы Лукашэнкі
Пра збор грошай на рамонт гарадскіх дарог Еўрарадыё паведаміў мінскі настаўнік Сяргей Альшэўскі, да якога звярнуліся калегі з адной з баранавіцкіх гімназій. Ім прапанавалі здаць “пэўную суму”.
“Мы патэлефанавалі ва ўпраўленне адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама, — распавядае Сяргей Альшэўскі. — Нам адразу пацвердзілі, што збор грошай ёсць. Але калі другі раз тэлефанавалі, ужо кажуць, што ўсё “добраахвотна” адбываецца. Я адказаў, маўляў, вы жартуеце? Настаўнікі адкрыта кажуць, што патрабуюць грошы”.
Якую менавіта суму павінен здаць кожны настаўнік, невядома. “У горадзе ствараецца фонд, які спансуецца людзьмі, і за гэты кошт будуць вырашацца праблемы Баранавіч, — абураецца мінскі настаўнік. — Пытанне ў тым, а за кошт падаткаў што вырашаецца?”
Падаткі, якія плацяць грамадзяне Беларусі, ідуць у тым ліку і на добраўпарадкаванне дарог. Акрамя гэтага, існуе дарожны фонд — частка дзяржаўнага бюджэту, сродкі ад якога выдаткоўваюцца выключна на будаўніцтва і рамонт дарог краіны. Кожны год уласнікі машын мусяць плаціць дарожны збор, сродкі пералічваюцца ў дарожны фонд. Дык чаму фінансаваць інфраструктуру ў Баранавічах мясцовыя жыхары павінны дадаткова?
Фонд “Баранавічы — наша малая Радзіма” быў створаны пасля прыезду ў горад Аляксандра Лукашэнкі ў сакавіку. Тады кіраўнік Беларусі запатрабаваў цягам двух гадоў давесці дарогі ў Баранавічах і раёне да ладу. Раней людзям гэтаксама прапаноўвалі скінуцца на рамонт дарог і ў Жодзіне. Адсюль і перанялі вопыт баранавіцкія ўлады.
“Нічога дрэннага тут няма”
Старшыня праўлення фонду “Баранавічы — наша малая Радзіма” Рыгор Касабуцкі адмаўляе інфармацыю пра паборы. Чыноўнік тлумачыць Еўрарадыё, што фонд ствараўся, каб неабыякавыя грамадзяне дапамагалі гораду рублём, але добраахвотна.
“Ніхто не прымушае, — гаворыць Касабуцкі. — Прапаноўваюць людзям, але не прымушаюць. Перад горадам сёння грандыёзныя планы: асфальтуюцца вуліцы, плануем 50 кіламетраў зрабіць. Нічога дрэннага ў тым, каб паўдзельнічаць у мерапрыемствах па добраўпарадкаванні горада, няма. Як жыхар вам кажу”.
Ён скардзіцца, што бюджэтных сродкаў заўсёды не хапае. Колькі ж тых, хто хоча добраахвотна дапамагчы Баранавічам з дарогамі?
“Ужо не мала. Грошы ў фонд паступаюць, — кажа Касабуцкі. — Пакуль першыя незадаволеныя, але калі людзі ўбачаць вынік (а ён будзе), будуць і добраахвотнікі”.
Намесніца начальніка ўпраўлення адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Людміла Скіндзер распавяла Еўрарадыё, што ведае пра паборы з настаўнікаў.
“Будзем сёння абмяркоўваць гэтае пытанне. Тэлефануйце ў панядзелак”, — коратка адказала чыноўніца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.