Дом Паўла Латушкі запэцкалі фарбай
Дом пад Мінскам Паўла Латушкі ўначы невядомыя запэцкалі фарбай, паведамляе Радыё Свабода. "Мой дом цяпер", — напісаў ён у каментары да здымкаў.
Латушка — былы пасол Беларусі ў Польшчы, Францыі, экс-міністр культуры. Нядаўна быў зняты з пасады гендырэктара Купалаўскага тэатру за публічную падтрымку пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Увайшоў у кіраўніцтва Каардынацыйнай рады, створанай з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай. Аляксандр Лукашэнка назваў удзельнікаў рады "чорнай сотняй". Ён лічыць, што яны спрабуюць захапіць уладу. Каардынацыйная рада аднак толькі заклікае ўладу да перамоў.
У інтэрв'ю "Бі-Бі-Сі" Павел Латушка распавёў, што яму настойліва рэкамендавалі з'ехаць у Расію.
Латушка цяпер пад аховай, дома ён не начуе. Яго маці нядаўна ў мэтах бяспекі выехала за мяжу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.