Допінг-скандал працягваецца, на чарзе яшчэ тры расійскія спартсмены
Допінг-скандал працягваецца, на чарзе яшчэ тры расійскія спартсмены. Гэта — алімпійскі чэмпіён па шорт-трэку Сямён Елістратаў, пяціразовы чэмпіён свету па канькабежным спорце Павел Куліжнікаў, валейбаліст Аляксандр Маркін (гулец маскоўскага "Дынама" і зборнай Расіі). Іх ужо адхілілі ад удзелу ў спаборніцтвах, паведамляе РІА "Новости".
Адзначаецца, што прычынай для адхілення Елістратава і Куліжнікава стала выяўленне ў іх допінг-пробах А мельдонія. Раней гэты прэпарат быў выяўлены ў іншых расійскіх спартсменаў — у тэнісісткі Марыі Шарапавай і фігурысткі Кацярыны Бабровай. Сямён Елістратаў і Павел Куліжнікаў ужо запатрабавалі ўскрыць допінг-пробу Б. Цікава, што раней расійскія спартыўныя ўлады тлумачылі пропуск гэтымі спартсменамі спаборніцтваў "грыпам".
Паводле слоў міністра спорту Расіі Віталя Мутко, у шэрагу відаў спорту "пройдуць сур'ёзныя разбіральніцтвы". На поўнае ж вырашэнне праблемы допінга расіянам спатрэбіцца 3-4 гады, адзначыў ён.