Drum Ecstasy: ад уласнай "Palestine" да 2Unlimited
Беларускія бубначы пазнаёмілі шырокую мінскую публіку з новым EP.
Замест таго, каб насіцца па горадзе з гарбузамі ды свечкамі, галоўныя беларускія бубначы 31 кастрычніка забіраюцца ў самае "андэграўнднае" сутарэнне Мінску і прэзентуюць свой новы ЕР пра лічбы.
"Ну, па-першае, у Мінску добра граць, таму што ў тут танцуюць, а ва ўсіх астатніх месцах слухаюць, — сцвярджае лідар Drum Ecstasy Філіп Чмыр. — І нас вельмі тармазіць, калі людзі не танцуюць. А калі танцуюць, нам вельмі падабаецца. Калі танчаць у Маскве і Піцеры, гэта танчаць мінчане. Мы нават ведаем іх у твар".
Танцпол перад сцэнай новага клуба Underground (былы "Гудвін), дзе Drum Ecstasy граюць свае новыя, "жорскія" песні і правераныя, "лайтовыя" баевікі, сапраўды трашчыць. Прычым, сярод танцуючых як удзельнікі знакамітай фармацыі "Беларускі клімат", з якой пачыналі Drum Ecstasy, так і навічкі.
"Вельмі магутная музыка, моцная энергетыка, весялосць! — захапляецца Ульяна, якая ўпершыню на канцэрце бубначоў. — Мне ў нейкі момант падалося, што музыка вельмі падобная да Prodigy.
Асабліва, калі выходзіш на танцпол і пачынаеш рухацца, такое адчуванне, што знаходзішся на міні-продзіджы".
Як ні дзіўна гучыць, але сэт Drum Ecstasy выглядае даволі меладычным. Музыкі выкарыстоўваюць шмат электронных гукаў і даводзяць свае творы да матэматычнай дасканаласці. У рэпертуары гурта з'яўляюцца каверы на даўно забытыя песні кшталту "No limit" 2Unlimited. Адзінае, што перашкаджае напоўніцу атрымаць асалоду ад шоў Drum Ecstasy — плот новага клуба, які агароджвае сцэну і музыкаў ад публікі.
Новы EP "Числительные" уключае ў сябе 5 трэкаў, якія першапачаткова ствараліся для кіно. У працэсе працы Drum Ecstasy адмаўляецца ад удзелу ў стужцы, пускаецца ў эксперыменты з уласным гукам і нараджае пласцінку. Падчас пяці прэзентацыйных канцэртаў у Піцеры, Маскве, Мінску, Вільні і Кіеве бубначы выкладаюць трэкі з EP на сайце Еўрарадыё. Наперадзе — яшчэ 2 шэдэўры ад Drum Ecstasy.
"Мы цяпер ездзім з "Ляпісамі" на разагрэве, — распавядае Філіп. — А потым застаёмся ў Мінску і яшчэ раз прэзентуем пласцінку ў якім-небудзь клубе. У Вільні, напэўна, з сольнікам у нас нічога не атрымаецца па шэрагу прычын. Але плануецца яшчэ Польшча. Усё ў працэсе перамоваў. Так што да сярэдзіны снежня мы катаемся, а там — ёлкі".
Бліжэйшыя выступы Drum Ecstasy ў пары з "Ляпісамі" адбудуцца 31 лістапада і 7 снежня.